Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Інфікаваных каранавірусам выпускнікоў вызвалілі ад экзаменаў

28.05.2020 13:00
У Міністэрстве адукацыі распавялі пра санітарна-эпідэміялагічныя захады падчас здачы выпускных экзаменаў у школе.
За партай у ліцэіфота: Яраслаў Іванюк/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Выпускнікоў, якія захварэлі на COVID-19, вызваляць ад экзаменаў. У Міністэрстве адукацыі распавялі пра санітарна-эпідэміялагічныя захады падчас здачы выпускных экзаменаў у школе, піша Белсат.

Падчас выпускных экзаменаў вучням, якія заразіліся каранавірусам, або якія знаходзяцца на самаізаляцыі, у атэстат выставяць гадавыя адзнакі. Гэтых выпускнікоў вызваляюць ад экзаменаў. Бацькі інфікаваных выпускнікоў мусяць напісаць адпаведную заяву на імя дырэктара навучальнай установы.

Пры правядзенні выпускных экзаменаў у школах будуць выкананы ўсе санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства адукацыі.

«Пры правядзенні выпускных экзаменаў усім установам агульнай сярэдняй адукацыі рэкамендавана забяспечыць захаванне санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў. У прыватнасці, прадугледзець у месцах правядзення выпрабаванняў наяўнасць антысептыкаў і сродкаў індывідуальнай абароны, арганізаваць правядзенне выпускных экзаменаў у памяшканнях вялікіх плошчаў і забяспечыць іх належны санітарны стан, старанна вымытыя кабінеты і мэбля ў іх (перш за ўсё парты), кабінеты трэба добра праветрываць», – распавялі ў прэс-службе.

Пры правядзенні экзаменаў у вуснай форме неабходна скласці графік прыходу навучэнцаў на экзамен, каб пазбегнуць іх вялікай колькасці.