Выпускнікоў, якія захварэлі на COVID-19, вызваляць ад экзаменаў. У Міністэрстве адукацыі распавялі пра санітарна-эпідэміялагічныя захады падчас здачы выпускных экзаменаў у школе, піша Белсат.
Падчас выпускных экзаменаў вучням, якія заразіліся каранавірусам, або якія знаходзяцца на самаізаляцыі, у атэстат выставяць гадавыя адзнакі. Гэтых выпускнікоў вызваляюць ад экзаменаў. Бацькі інфікаваных выпускнікоў мусяць напісаць адпаведную заяву на імя дырэктара навучальнай установы.
Пры правядзенні выпускных экзаменаў у школах будуць выкананы ўсе санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства адукацыі.
«Пры правядзенні выпускных экзаменаў усім установам агульнай сярэдняй адукацыі рэкамендавана забяспечыць захаванне санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў. У прыватнасці, прадугледзець у месцах правядзення выпрабаванняў наяўнасць антысептыкаў і сродкаў індывідуальнай абароны, арганізаваць правядзенне выпускных экзаменаў у памяшканнях вялікіх плошчаў і забяспечыць іх належны санітарны стан, старанна вымытыя кабінеты і мэбля ў іх (перш за ўсё парты), кабінеты трэба добра праветрываць», – распавялі ў прэс-службе.
Пры правядзенні экзаменаў у вуснай форме неабходна скласці графік прыходу навучэнцаў на экзамен, каб пазбегнуць іх вялікай колькасці.