Беларуская Служба

Украіна разглядае забарону на пастаўкі беларускай энергіі да 2022 году

01.06.2020 12:29
Краіна запатрабавала таксама роўнага доступу на энергарынак Беларусі.
.    .
Лямпачка. Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: jplenio/pixabay.com/CC0 Public Domain

Міністэрства энергетыкі Украіны разам з іншымі ведамствамі, у тым ліку Міністэрствам замежных спраў, разглядае пытанне аб спыненні паставак беларускай электраэнергіі да снежня 2021 года — пакуль пастаўкі спыненыя да канца 2020-га. Украіна патрабуе роўнага доступу на энергарынак Беларусі.

Як паведамілі Свабодзе ў прэсавай службе міністэрства, такое рашэнне ўхвалена Антыкрызісным энергетычным штабам на чале з прэм’ер-міністрам Дзянісам Шмыгалем.

Адной з умоў аднаўлення паставак беларускай электраэнергіі назвалі атрыманне парытэтнага доступу ўкраінскай электрычнай энергіі на рынак Беларусі.

Незадоўга да гэтага выканаўца абавязкаў міністра энергетыкі Украіны Вольга Буславец заявіла, што імпарт электраэнергіі з Беларусі і Расіі негатыўна адбіўся на ўкраінскім рынку электраэнергіі, у прыватнасці на дзейнасці атамных і вугальных электрастанцый.

Паводле Вольгі Буславец, ва ўмовах скарачэння спажывання электраэнергіі Украіна выдаткавала 5 мільярдаў грыўняў (прыкладна 200 мільёнаў долараў у эквіваленце) на набыццё замежнай электраэнергіі, якую маглі выпрацаваць на ўласных магутнасцях.

Спачатку Украіна адмовілася ад беларускай і расійскай электраэнергіі на час каранціну, а ўжо ў канцы красавіка Міністэрства энергетыкі і аховы наваколля Украіны перагледзела прагнозны баланс электраэнергіі на 2020 год, цалкам адмовіўшыся ад паставак з Беларусі і Расіі. Агульны аб’ём паставак электраэнергіі з Беларусі ў 2020 годзе запланаваны на ўзроўні 150 мільёнаў кілават-гадзін. Гэты аб’ем быў вычарпаны цягам студзеня, лютага і красавіка.

Летась, пасля адкрыцця энергетычнага рынку Украіны, Беларусь пэўны час была лідарам у аб’ёмах паставак, а ў канцы 2019 года стала вядома, што ў 2020 годзе Украіна планавала закупіць 2,1 мільярда кілават-гадзін беларускай электраэнергіі — гэта амаль траціна ад запланаванага на сёлета аб’ёму вытворчасці электраэнергіі БелАЭС.

Але пазней Украіна адмовілася ад паставак беларускай электраэнергіі.

аз