Беларуская Служба

Выхадзец са спецслужбаў прызначаны прэм'ерам Беларусі

04.06.2020 12:49
Новым прэмʼерам прызначаны кіраўнік Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Раман Галоўчанка.
Новы прэм'ер Беларусі Раман ГалоўчанкаФота: Белта

У чацвер, 4 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка прызначыў новы ўрад. Новым прэмʼерам прызначаны кіраўнік Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Раман Галоўчанка.

Напярэдадні, 3 чэрвеня, Сяргей Румас быў адпраўлены ў адстаўку. Ён адпрацаваў на пасадзе прэмʼера з 18 жніўня 2018 года, піша «Наша Ніва»

Раман Галоўчанка нарадзіўся ў 1973 годзе. У 1996-м скончыў МГІМО – Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін, кузню кадраў спецслужбаў і дыпламатыі спачатку СССР, а пасля – Расіі. Пазней у Беларусі ён дадаткова «павысіў кваліфікацыю ў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце (2003).

На сваім службовым шляху ён напачатку перамяшчаўся па ўстановах следам за ўплывовым сілавіком Віктарам Шэйманам.

Адпаведна, працаваў у Радзе бяспекі ў той перыяд, калі знікалі дзеячы апазіцыі і адбываліся масавыя рэпрэсіі супраць праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі (1997–2002, 2006–2009). Працаваў таксама ў генеральнай пракуратуры (2002–2005), Адміністрацыі прэзідэнта (2005–2006).

У 2009–2013 – першы намеснік старшыні Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта. У 2013–2018 – пасол у ААЭ.

У 2018–2020 – старшыня Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэта. (Зараз гэту пасаду зойме Дзмітрый Пантус.)

Першым віцэ-прэмʼерам прызначаны Мікалай Снапкоў, які толькі нядаўна быў прызначаны паслом у Кітай, а да таго доўга кіраваў эканомікай з Адміністрацыі прэзідэнта і ва ўрадзе. Снапкоў мае рэпутацыю лаяльнага выканаўцы распараджэнняў зверху.

Дзмітрый Круты, які быў першым віцэ-прэмʼерам, прызначаны, у сваю чаргу, намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. Віцэ-прэмʼерам стаў Іван Субоцін.

Кіраўніком Дзяржкантролю прызначаны намеснік старшыні КДБ Іван Церцель (раней пасаду займаў ветэран бюракратычнага апарата Леанід Анфімаў).

Міністрам інфармацыі стаў кіраўнік СТБ Ігар Луцкі – ён раней быў намеснікам міністра ў гэтым ведамстве.

Міністрам фінансаў стаў першы намеснік міністра Юрый Селіверстаў. Рыначнік-міністр Ермаловіч пяройдзе на дыпламатычную працу.

Міністрам ЖКГ стаў Андрэй Хмель (быў Аляксандр Церахаў).

эж