Беларуская Служба

У Мінску і Гомелі 7 чэрвеня на пікетах было затрымана не менш за 17 чалавек

08.06.2020 09:43
Да Камароўскага рынку былі сцягнутыя ўзмоцненыя нарады міліцыі: паблізу ад месца правядзення пікетаў мноства аўтазакаў і машыны ДАІ.
Збор подпісаў на Камароўскім рынку PAP/EPA/TATYANA ZENKOVICH

У Мінску і Гомелі, дзе 7 чэрвеня прайшлі масавыя пікеты альтэрнатыўных прэтэндэнтаў у прэзідэнты, затрымана не менш за 17 чалавек, паведамляюць праваабаронцы, паведамляюць naviny.by.

Па дадзеных пазбаўленага рэгістрацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», у нядзелю ў Мінску затрыманыя: Алег Баброўскі, Валянцін Фралоў, Вераніка Мішчанка, Павел Севярынец, Вольга Нікалайчык, Усяслаў Пашкевіч, Аляксандр Грачышнікаў, Аляксей Ананіч, Антон Анціпаў, Дзмітрый Ражкоў, Аляксей Вісцяж, Ілля Латужка, Віталь Карніенка і яшчэ мінімум два чалавекі, імёны якіх удакладняюцца.

Каля сталічнага Камароўскага рынку акрамя пікету па зборы подпісаў у падтрымку Святланы Ціханоўскай прайшлі пікеты Сяргея Чарачэні, Андрэя Дзмітрыева, Валерыя Цапкалы і Віктара Бабарыкі. Па падліках назіральнікаў, на 12.30 на плошчы каля Камароўскага рынку было каля 730 чалавек, у 13.15 – больш за 1.300. На 14.30 гадзін дня назіральнікі налічылі 950 чалавек.

Да Камароўскага рынку былі сцягнутыя ўзмоцненыя нарады міліцыі: паблізу ад месца правядзення пікетаў мноства аўтазакаў і машыны ДАІ.

Супрацоўнікі міліцыі па гучнагаварыцелі інфармавалі тых, хто сабраўся, што тут «ажыццяўляецца збор подпісаў у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам», «правядзенне іншых масавых мерапрыемстваў Мінскім гарадскім выканкамам не дазволена».

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец правёў каля Камароўскага рынку побач з пікетамі па зборы подпісаў за вылучэнне альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты «народны пікет свабоды і салідарнасці». Акцыя доўжылася тры з паловай гадзіны. У завяршэнне пікету Севярынец паведаміў, што аналагічная акцыя плануецца 14 чэрвеня. «Магчыма, мяне не будзе, але будуць іншыя», – сказаў палітык.

Пасля пікету ў акружэнні паўсотні яго ўдзельнікаў і журналістаў Севярынец прайшоў у бок станцыі метро «Плошча Якуба Коласа», спусціўся ў метро і з'ехаў. За ім ішлі двое невядомых у цывільным. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Севярынец быў затрыманы недалёка ад свайго дома.

Падчас пікета Севярынец звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі ў сувязі з нядаўняй заявай апошняга пра тое, што «мы гэтую краіну нікому не аддамо»: «Аляксандр Рыгоравіч, гэта не твая краіна. Ты таптаў сцяг гэтай краіны, прыніжаў яе грамадзян, яе народ. Са сваёй радзімай так не паступаюць». Севярынец таксама заявіў, што «беларусы хочуць свабоды, а Лукашэнка павінен сысці».

У Гомелі ў нядзелю затрыманыя Аляксандр Шабалін і Аляксей Думенкаў.

ав