Фэльчар хуткай дапамогі Павал Палейчык сабраў больш як 20 тысяч рублёў дапамогі пасля звальнення, якое ён звязвае са сваёй грамадскай актыўнасцю, паведамляе Свабода.
Перш на сайце Molamola.by Палейчык пазначыў, што хацеў бы сабраць 2 тысячы рублёў на жыццё пасля звальнення. Калі сабралі 20 тысяч, ён напісаў:
«Мы закрываем збор, бо сума ўжо непрыстойная велізарная, а людзі працягваюць папаўняць рахунак. Усім вялікі дзякуй за падтрымку! Нечакана збор атрымаўся ашаламляльным, таму пакуль планаў на выкарыстанне грошай няма, але частка абавязкова пойдзе на дапамогу іншым і дабрачыннасць».
Фэльчара Паўла Палейчыка затрымалі ўвечары 7 траўня. 22 красавіка ён выступіў у стрыме блогера Сяргея Ціханоўскага, за што яго абвінавацілі ва ўдзеле ў недазволенай масавай акцыі. Палейчык адбыў 7 сутак адміністрацыйнага арышту.
Пасля вызвалення з «сутак» Павал вярнуўся на працу і некалькі тыдняў ня меў ніякіх праблем. Аднак на пачатку чэрвеня яго выклікалі ў аддзел кадраў і ўручылі паведамленне аб непрацягненні кантракту. Апошнім працоўным днём Паўла на лідскай «хуткай» стане 9 ліпеня.
яс