11 ліпеня — гэта дзень роздуму і ўспамінаў, а не палітычных спрэчак, падкрэслівае кіраўнік Упраўлення па справах ветэранаў і рэпрэсаваных асоб, якое арганізуе асноўныя ўрачыстасці з нагоды Нацыянальнага дня памяці ахвяр генацыду, здзейсненага ўкраінскімі нацыяналістамі на тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай.
Лех Парэль(Lech Parell) запэўнівае, што 11 ліпеня не з'яўляецца днём, калі польская дзяржава разглядае якія-небудзь правакацыі, пра што нядаўна казаў кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.
Кірыл Буданаў заявіў, што Польшча імкнецца да абвастрэння адносін з Украінай на фоне гістарычнай памяці і ўшанавання памяці Валынскай разні. Буданаў лічыць, што ў сувязі з ушанаваннямі 11 ліпеня могуць адбыцца правакацыі.
— Я не ведаю, пра што кажа спадар Буданаў. Польская дзяржава правакацыямі не займаецца. Польская дзяржава патрабуе годнага перапахавання ахвяраў. Мы ўшаноўваем ахвяры розных злачынстваў і маем на гэта права таксама ў выпадку Валынскай разні. Мы просім не надаваць гэтаму ніякага палітычнага падтэксту, — заявіў Лех Парэль.
Усяго на Валыні і ва Усходняй Галіцыі з 1943 па 1945 гады ўкраінскія нацыяналісты забілі, паводле розных ацэнак, ад 60 да 100 тысяч палякаў, астанкі большасці якіх дагэтуль застаюцца ў ананімных калектыўных магілах.
Ушанаванне памяці пачнецца а 10:00 раніцы ў Палявым кафедральным саборы Войска Польскага з імшы за ахвяр генацыду. Апоўдні цырымонія будзе працягвацца ля помніка Ахвярам генацыду на Валынскай плошчы ў Варшаве.
IAR/аз