Як стала вядома праваабаронцам арганізацыі „Вясна”, Сяргей Ціханоўскі цяпер знаходзіцца ў карцары ў следчым ізалятары №1 і прабудзе там да 19 чэрвеня. Пра гэта даведаліся, калі спрабавалі перадаць яму перадачу. Афіцыйная прычына пакарання невядомая.
Суд Гомельскай вобласці 12 чэрвеня разгледзеў скаргу Сяргея Ціханоўскага на 15-суткавы арышт. Суддзя Васіль Бягун пакінуў у сіле рашэнне суду Савецкага раёну аб 15-суткавым арышце Ціханоўскага, нагадвае „Свабода”.
Арыштаваны блогер, якога ўжо абвясцілі палітычным зняволеным, асабіста не прысутнічаў на працэсе, яго дапытвалі па відэасувязі з Мінска.
У скарзе Сяргей Ціханоўскі напісаў, што лічыць 15-суткавы арышт неправамоцным і незаконным, прасіў адмяніць пастанову суду Савецкага раёну Гомля, бо такое рашэнне парушае ягоныя канстытуцыйныя правы - на свабоду сходаў, на свабоду слова. Суд Савецкага раёну Гомля пакараў яго арыштам за сустрэчы з падпісчыкамі ў Салігорску і Мёрах.
аз