У дачыненні да былых і цяперашніх супрацоўнікаў "Белгазпрамбанка" распачатыя справы "па сур`ёзных артыкулах": аб легалізацыі сродкаў, здабытых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры і нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры, паведаміла РБК прэс-сакратар прэзідэнта Беларусі Наталля Эйсмант, а ейныя словы цытуе БелаПАН.
Раней у інтэрв`ю РБК былы старшыня праўлення банка Віктар Бабарыка, які вылучыў сваю кандыдатуру на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах, заявіў, што вобшукі і затрыманні ў "Белгазпрамбанку" 12 чэрвеня "не проста кампанія запалохвання, а рэйдарскі захоп".
"Канфіскаваныя вялікія сумы грошай, каштоўныя паперы, золата, карціны. 15 чалавек затрыманыя. І чалавек, у якога вы бралі інтэрв`ю, можа быць, не ведае, што ўсе яны даюць прызнальныя паказанні, у тым ліку і супраць яго", — паведаміла Эйсмант.
"Што тычыцца застрашванняў, пра якія заяўляецца, магу вам сказаць дакладна, што цяперашняму прэзідэнту запалохванне і націск якраз зусім не патрэбна, абсалютна. Больш за тое, ён можа быць на шкоду. Аднак закон ёсць закон", — заявіла прэс-сакратар Аляксандра Лукашэнкі.
"Белгазпрамбанк" па памеры актываў уваходзіць у пяцёрку найбуйнейшых банкаў Беларусі. Найбуйнейшыя акцыянеры ПАТ "Газпром" (Масква) і АТ "Газпрамбанк" ("Банк ГПБ", Масква) валодаюць па 49,82% капіталу.
11 чэрвеня ў галаўным офісе банка ў Мінску прайшоў вобшук у рамках крымінальнай справы аб ухіленні ад выплаты падаткаў і легалізацыі сродкаў, атрыманых незаконным шляхам.
12 чэрвеня старшыня Камітэта дзяржкантролю Іван Церцель паведаміў, што пры расследаванні спраў, звязаных з "Белгазпрамбанкам", затрыманыя 15 чалавек — "гэта топ-менеджары "Белгазпрамбанка" з ліку кіраўнікоў першага звяна і рознага ўзроўню", а таксама былыя супрацоўнікі банка, якія цяпер працуюць у розных камерцыйных структурах.
Раніцай 12 чэрвеня ў беларускіх банкаўскіх колах пачала курсіраваць інфармацыя, што часовым старшынёй праўлення "Белгазпрамбанка" можа стаць Надзея Ермакова, якая ў 2011-2014 гадах узначальвала Нацыянальны банк.
Нацыянальны банк ніякай інфармацыі аб сітуацыі з ААТ "Белгазпрамбанк" не распаўсюджваў.
Увечары 12 чэрвеня "Газпрам" і "Газпрамбанк" заявілі аб парушэнні заканадаўства Нацбанкам Беларусі пры змене кіраўніцтва "Белгазпрамбанка".
аз