Беларускія праваабаронцы патрабуюць неадкладнага вызвалення палітвязня Андрэя Новікава, паведамляе сайт spring96.org.
„У сувязі з прад’яўленнем 12 чэрвеня 2020 года абвінавачвання па ч.1 арт. 342 КК затрыманаму 6 чэрвеня ў вёсцы Прусы Андрэю Новікаву мы, прадстаўнікі праваабрончай супольнасці Беларусі, яшчэ раз пацвярджаючы сваю пазіцыю, выкладзеную ў раней прынятых заявах ад першага, дзявятага і адзінаццатага чэрвеня гэтага году, заяўляем аб прызнанні Андрэя Новікава палітвязнем, патрабуем ягонага недакладнага вызвалення і спынення распачатага ў дачыненні да яго крымінальнага пераследу”, - чытаем у заяве прадстаўнікоў праваабарончых арганізацый у Беларусі.
Андрэй Новікаў – валанцёр ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. Ён грамадзянін Расіі, але ўжо шмат гадоў жыве ў Беларусі. У яго ёсць жонка і двое непаўнагадовых дзяцей.
Новікава затрымалі 6 чэрвеня ў вёсцы Прусы за ўдзел у пікеце па зборы подпісаў, які прыраўнялі да несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Затрымлівала Новікава цэлая група супрацоўнікаў міліцыі. Спачатку яго адвезлі ў Паставы, каб скласці пратакол па арт. 23.34 КаАП. А затым стала вядома, што яго перавезлі ў Мінск у ізалятар часовага ўтрымання на вул. Акрэсціна.
У аўторак 9 чэрвеня ў доме Новікава ў Прусах прайшоў вобшук.
аз