15 мая ў Беларусі пачалася кампанія па выбарах прэзідэнта краіны. З самага пачатку яна праходзіць ва ўмовах ціску на грамадства ды масавага парушэння заканадаўства з боку праваахоўных органаў ды ўладаў.
Так паводле падлікаў Праваабарончага цэнтру «Вясна», па стане на 16 чэрвеня, у Беларусі ў перыяд з 6 траўня арыштавана 97 чалавек за ўдзел у выбарчай кампаніі, яны атрымалі агулам 1246 сутак арышту па адміністрацыйных артыкулах, выкарыстаных у мэтах палітычнага пераследу. Яшчэ 105 чалавекі атрымалі штрафы агульным памерам каля 90 тысяч рублёў.
Гэтыя лічбы будуць толькі павялічвацца, зазначаюць праваабаронцы. Міліцыя працягвае складаць пратаколы і судзіць грамадзянаў за выказванне свайго меркаванне ці нават проста за прысутнасць на мірных акцыях і пікетах па зборы подпісаў. Некаторых нават па некалькі разоў. Так мінчук Аляксей Мазука атрымаў ажно тры пратаколы па арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) – за тое, што прыходзіў на пікеты па зборы подпісаў 21,28 і 31 мая.
Узрост не з'яўляецца для міліцыі перашкодай для пераследу. Так у Гродне міліцыя пераследуе пенсіянерку, 63-гадовую Станіславу Дамшэль за тое, што жанчына была 29 мая на легальным пікеце па зборы подпісаў, пікеце 29 траўня, які скончыўся затрыманнем Сяргея Ціханоўскага і яго паплечнікаў. 83-гадовага Яна Грыба выклікалі ў РАУС Кастрычніцкага раёну Мінску для складання пратакола за яго ўдзел у пікеце 7 чэрвеня.
юл