«Беларускі Хельсінкскі Камітэт» і Праваабарончы цэнтр «Вясна» накіравалі на адрас шэрагу спецыяльных тэматычных дакладчыкаў ААН інфармацыю аб рэзкім пагаршэнні сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Дадаткова праваабаронцы паведамілі пра парушэнні правоў Віктара Бабарыкі, які вылучаецца кандыдатам у прэзідэнты Беларусі.
18 чэрвеня Віктар Бабарыка і ягоны сын, кіраўнік ініцыятыўнай групы, Эдуард Бабарыка, былі дастаўлены ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК з мэтай правядзення следчых дзеянняў у рамках расследавання крымінальнай справы па «Белгазпрамбанку». Пры гэтым следчыя не пусцілі адвакатаў да затрыманых Віктара і Эдуарда Бабарыкаў
У сукупнасці з заявамі ў дзяржаўных СМІ і выказваннямі дзейснага прэзідэнта ў адрас В. Бабарыкі, якія відавочна парушаюць прэзумпцыю невінаватасці, праваабаронцы разглядаюць сённяшнія дзеянні праваахоўных органаў Беларусі як працяг незаконнага, палітычна матываванага ціску на аднаго з прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта, якое выкарыстоўваецца з мэтай прымусіць яго адмовіцца ад свайго рашэння ўдзельнічаць у выбарах, а таксама пакараць за выказванне ім свайго меркавання аб падзеях, якія адбываюцца ў краіне.
У сваім звароце беларускія праваабаронцы заклікаюць ААН звярнуцца да ўрада Беларусі з тэрміновым заклікам спыніць парушэнні правоў удзельнікаў выбарчай кампаніі, а таксама ўсіх іншых грамадзянаў і выконваць узятыя на сябе міжнародныя абавязацельствы па павазе і рэалізацыі правоў чалавека ў Беларусі.
юл