Еўрасаюз настойліва заклікае беларускія ўлады забяспечыць рэальныя канкурэнтныя палітычныя ўмовы ў прэзідэнцкіх выбарах, якія маюць адбыцца 9 жніўня. Пра гэта гаворыцца ў заяве ЕС, апублікаванай на сайце Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, аб чым піша БелаПАН.
«Ні адзін патэнцыйны кандыдат не павінен быць пазбаўлены магчымасці прайсці працэдуру рэгістрацыі з-за палітычна матываваных абмежавальных мер, – падкрэсліваецца ў дакуменце. – Учора адзін з патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты Віктар Бабарыка і яго сын Эдуард Бабарыка, кіраўнік яго штаба, былі затрыманыя па крымінальнай справе. ЕС заклікае беларускія ўлады неадкладна вызваліць іх і гарантаваць поўную павагу да вяршэнства закона, у тым ліку справядлівае і празрыстае расследаванне і права на доступ да адваката. Любое расследаванне павінна быць бесстароннім і без палітычнага націску».
Віктар і Эдуард Бабарыкі былі затрыманыя раніцай 18 чэрвеня, калі панеслі здаваць у ЦВК частку подпісаў, сабраных за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты. Да іх не былі дапушчаныя адвакаты.
Міністр замежных спраў Уладзімір Макей адказаў на патрабаванне Еўрасаюза неадкладна вызваліць Віктара Бабарыку – паведамляе «Наша Ніва». Макей паведаміў аб наяўнасці доказаў у «справе Белгазпрамбанка», якія сведчаць аб здзяйсненні палітыкам сур'ёзных фінансавых злачынстваў.
«Нягледзячы на палітычную кампанію, што праходзіць, нікому не будзе дазволена парушаць заканадаўства. А ёсць канкрэтныя доказы, дарэчы, атрыманыя з еўрапейскіх краін, у тым ліку з краін ЕС, што тыя ці іншыя асобы займаліся супрацьпраўнай дзейнасцю», – заявіў ён.
Тым часам штаб Віктара Бабарыкі паведаміў пра збор больш як 434 тысяч подпісаў выбаршчыкаў – гэта абсалютны рэкорд для альтэрнатыўных вылучэнцаў за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі.
Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты завершыўся 19 чэрвеня.
БелаПАН/Наша Ніва/нг