Адвакаты Віктара Бабарыкі Наталля Мацкевіч і Дзмітрый Лаеўскі падалі на імя генеральнага пракурора скаргу наконт парушэння прэзумпцыі невінаватасці ў дачыненні іх падабароннага, перадае TUT.BY.
Абаронцы адзначаюць: зыходзячы з артыкула 26 Канстытуцыі і артыкула 16 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, ніхто не можа быць прызнаны вінаватым у злачынстве, пакуль яго віна не будзе даказаная ў прадугледжаным парадку і зацверджана прысудам, які набыў моц.
«З моманту затрымання асобныя інфармацыйныя рэсурсы распаўсюджваюць пра Віктара Бабарыку недакладную інфармацыю, якая зняслаўлівае яго і заключаецца не ў апісанні падазрэнняў, а ў сцвярджэнні аб нібыта ўчыненым злачынстве», – распавялі адвакаты.
Віктар Бабарыка і ягоны сын Эдуард былі затрыманыя 18 чэрвеня ў межах «справы Белгазпрамбанку», цяпер знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Ім выстаўлена абвінавачванне, але па якім канкрэтна артыкуле невядома, бо следства забараніла адвакатам разгалошваць гэтую інфармацыю. З 20 чэрвеня да патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты не пускаюць адвакатаў.
За шэсць дзён да затрымання Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Віктара Бабарыка датычны да злачыннай дзейнасці топ-менеджараў «Белгазпрамбанку». Адначасова старшыня КДК Іван Церцель распавёў, што «фактычна на базе банку імі была створана арганізаваная злачынная група, якая ажыццяўляла вывад грашовых сродкаў на тэрыторыі замежных дзяржаваў». На той момант ніякага працэсуальнага статуса ў гэтай справе Бабарыка яшчэ не меў.
эж