Беларуская Служба

Партыя БНФ: Склад участковых камісій не дазваляе правесці сумленныя выбары

25.06.2020 08:45
„Улада робіць усё, каб цалкам выключыць беларускі народ з працэсу арганізацыі і правядзення выбараў”, — лічыць Партыя БНФ.
ВыбарыPhoto: ulleo/pixabay.com/CC0 Public Domain

„Склад участковых камісій не дазваляе правесці сумленныя выбары. Даверу гэтаму складу камісій няма. Таксама не можа быць даверу з боку грамадства да вынікаў, якія гэтыя камісіі будуць агучваць”, — гаворыцца ў заяве, распаўсюджанай 24 чэрвеня ўправай Партыі БНФ, якую цытуе БелаПАН.

У заяве адзначаецца, што фармаванне ўчастковых камісій па выбарах прэзідэнта прайшло антыдэмакратычна і несумленна. Улады беспадстаўна адхілілі кандыдатуры ад дэмакратычных партый і грамадзянскай супольнасці, сфармаваўшы камісіі ў цалкам падкантрольным складзе.

„Адмоўлена ва ўключэнні ў склад камісій сотням вылучэнцаў Партыі БНФ, аб`яднання БНФ „Адраджэнне”, іншых партый і рухаў, а таксама шматлікім прадстаўнікам мясцовых супольнасцяў, што былі вылучаныя самімі выбаршчыкамі праз збор подпісаў”, — чытаем у дакуменце.

„Улада робіць усё, каб цалкам выключыць беларускі народ з працэсу арганізацыі і правядзення выбараў, — лічыць Партыя БНФ. — Стэрыльныя выбаркамы створаныя з відавочнай мэтай: забяспечыць вынікі выбараў, якія патрэбныя для цяперашняй уладнай групоўкі. Такое фармаванне камісій, асабліва ва ўмовах грамадскага абуджэння ды пільнай увагі беларусаў да палітычных працэсаў у краіне, ёсць дэманстратыўным грэбаваннем уладай сумленнасцю ды законнасцю”.

Партыя БНФ патрабуе „правядзення сапраўды свабодных, сумленных і дэмакратычных выбараў дзеля забеспячэння бяспекі і дабрабыту беларускага народу і абароны ды ўмацавання дзяржаўнай незалежнасці краіны”.

Раней таксама штаб прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі паведаміў, што ўвайсці ў склад участковых камісій па выбарах прэзідэнта адмоўлена амаль усім з больш чым 3.500 удзельнікаў ініцыятывы „Сумленныя людзі”.

аз