Беларуская Служба

Сетка Дамоў правоў чалавека асуджае рэпрэсіі ў Беларусі

25.06.2020 09:56
Фонд Дамоў правоў чалавека заклікае беларускія ўлады вызваліць затрыманых і спыніць далейшыя рэпрэсіі супраць іх.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: stevepb /pixabay.com/CC0 Public Domain

Фонд Дамоў правоў чалавека выступіў з заявай, у якой заклікае беларускія ўлады спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў, праваабаронцаў і журналістаў і забяспечыць выкананне прававых абавязацельстваў Беларусі ў галіне правоў чалавека.

З 18 чэрвеня 2020 года, па дадзеных ПЦ „Вясна”, за ўдзел у мірных акцыях пратэсту па ўсёй краіне былі затрыманыя і арыштаваныя больш за 360 чалавек. Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, 19 чэрвеня былі затрыманыя 13 журналістаў, якія асвятлялі акцыі пратэсту ў Мінску, Магілёве і Бабруйску. Усе яны былі вызваленыя ў той жа дзень, за выключэннем журналіста Сяржука Лацінскага, якога абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Акцыі пратэсту сталі адказам на апошнія дзеянні беларускіх уладаў па замоўчванні і запалохванні палітычнай апазіцыі, у тым ліку Віктара Бабарыкі, Сяргея Ціханоўскага, Святланы Ціханоўскай і Паўла Севярынца, а таксама журналістаў, блогераў і іншых прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. У выніку, шэсць незалежных экспертаў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый заклікалі ўлады спыніць рэпрэсіі супраць мірнага ажыццяўлення асноўных свабод і правоў чалавека.

Апошнія падзеі з’яўляюцца працягам некалькіх месяцаў усё больш жорсткіх і рэпрэсіўных дзеянняў супраць незалежнай грамадзянскай супольнасці, у тым ліку журналістаў.

Фонд Дамоў правоў чалавека заклікае беларускія ўлады:

 -вызваліць усіх затрыманых за грамадзянскую і палітычную дзейнасць і спыніць далейшыя рэпрэсіі супраць іх, у тым ліку супраць праваабаронцаў і журналістаў;
-скасаваць усе штрафы, накладзеныя на ўдзельнікаў мірных сходаў;
 -прадаставіць усім кандыдатам у прэзідэнты магчымасць свабодна ўдзельнічаць у свабодных і справядлівых дэмакратычных выбарах;
 -запрасіць незалежную місію БДІПЧ АБСЕ па назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі;
 -зрабіць захады па выпраўленні масавых парушэнняў правоў чалавека, якія адбыліся за апошнія месяцы;
 -забяспечыць выкананне прававых абавязацельстваў Беларусі як унутры краіны, так і ў адпаведнасці з міжнародным правам у галіне правоў чалавека.

Мы прызнаем заявы і пазіцыі міжнароднай супольнасці, уключаючы Еўрапейскі саюз і сябраў Еўрапейскага парламента. Аднак незалежнай грамадзянскай супольнасці і праваабаронцам тэрмінова патрэбная большая падтрымка.

аз