25 чэрвеня ў Беларусі пачалося цэнтралізаванае тэставанне абітурыентаў для паступлення ў ВНУ, паведамляе „Свабода”.
Беларуская мова — першае выпрабаванне ў спісе прадметаў ЦТ, на яго зарэгістраваліся 18 606 абітурыентаў. Тэставанне прайшло ў 41 установе адукацыі.
Усяго на цэнтралізаванае тэставанне сёлета запісаліся 64 314 чалавек. У 2019 годзе было 77 145 абітурыентаў.
Традыцыйна больш за ўсё хлопцаў і дзяўчат будуць здаваць рускую мову — 52 660 чалавек (у 2,8 раза больш, чым беларускую), матэматыку (34 805 чалавек) і замежныя мовы (23 549 чалавек).
У сувязі з каранавірусам на ЦТ па рускай мове і матэматыцы абітурыентам сёлета далі два дні замест аднаго.
Міністэрства адукацыі сёлета ў сувязі з каранавірусам прыняла рашэнне крыху змяніць тэрміны правядзення цэнтралізаванага тэставання. Новыя даты некаторых прадметаў пасунулі наперад на тыдзень ці нават на два. Першае ЦТ, якое мусіла прайсці 13 чэрвеня, перанеслі на 25 чэрвеня.
аз