Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

У Беларусі рыхтуюцца да рэстаўрацыі ўнікальнага помніка драўлянага дойлідства

12.07.2026 10:44
Гаворка пра Свята-Троіцкую царкву і званіцу XVIII стагоддзя, перавезеныя з Глыбоцкага раёну ў музей у Азярцы.
Ілюстрацыйнае фотаhttps://t.me/spadczyna

У Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы пачынаюць праектаванне рэстаўрацыі ўнікальнага помніка драўлянага дойлідства XVIII стагоддзя — Свята-Троіцкай царквы і званіцы, перавезеных з вёскі Вялец Глыбоцкага раёну.

На сайце дзяржаўных закупак прадпрыемства «АФЕЛІНА інжынірынг» шукае тых, хто распрацуе праектную дакументацыю на рэстаўрацыю. Тэрмін выканання праектных работ пазначаны з ліпеня па кастрычнік 2026 года.

Гістарычны комплекс уяўляе сабой прамавугольны зруб пад двухсхільным дахам, завершанай макаўкай, і асобна пастаўленую двухʼярусную чатырохгранную званіцу. Згодна з тэхнічным заданнем, якое зацвердзіў дырэктар музея, гістарычная планіроўка будынкаў застанецца без змен.

У тэхнічным заданні прапісаны беражлівы рамонт з выкарыстаннем метаду пратэзавання бярвення і лакальнай заменай трухлявай шалёўкі. Усю драўніну абавязалі апрацаваць вогнебіяахоўнымі саставамі.

Да царквы і званіцы падвядуць электрычнасць. Унутры царквы і званіцы змантуюць схаваную праводку або адкрытую ў дэкаратыўных кабель-каналах, што патрабуе ўзгаднення з навуковым кіраўніком. Акрамя гэтага, будынкі абсталююць унутраным і вонкавым відэаназіраннем, сістэмай апавяшчэння аб пажары і электрычным ацяпленнем. Фасады атрымаюць архітэктурную падсветку.

Змены закрануць і прылеглую тэрыторыю экспазіцыйнай зоны. Вакол помніка пракладуць сетку ходнікаў, паставяць драўляныя лаўкі і ўрны.

Побач запраектуюць каркасны або модульны пост аховы, лёгкі сувенірны павільён і ўсесезонны грамадскі туалет з пандусам для фізічна аслабленых асоб.

Крыніца: Спадчына/юл