Тавараабарот Беларусі з краінамі Еўрасаюза ў студзені-красавіку 2020 года ў параўнанні з такім жа перыядам 2019 года знізіўся на 17,3% да 3 млрд 507 млн долараў, сведчаць звесткі Белстата.
Экспарт тавараў у ЕС скараціўся на 30,4% да амаль 1 млрд 437,5 млн долараў, імпарт - на 4,9% да больш за 2 млрд 69,5 млн. Адмоўнае сальда замежнага гандлю таварамі ў студзені-красавіку 2020 года склала больш за 632 млн долараў, паведамляе „Радыё Рацыя” са спасылкай на БелаПАН.
З агульнага аб’ёму беларускага экспарту ў студзені-красавіку гэтага года на долю краін ЕАЭС прыпадала 50,4% (у студзені-красавіку 2019-га - 42,2%), Расеі - 47,5% (39,6%), ЕС - 16,9% (19,7%), астатніх краін - 32,7% (38,1%).
Імпарт з краін ЕАЭС склаў 48,8% агульнага аб’ёму імпарту (у студзені-красавіку 2019 года - 57%), з Расіі - 48,2% (56,6%), ЕС - 21% (17,5%), астатніх краін - 30,2% (25,5%).
За чатыры месяцы 2020 года зарэгістраваныя экспартна-імпартныя аперацыі са 185 краінамі. Тавары пастаўляліся на рынкі 156 дзяржаў, імпартавалася прадукцыя са 162 краін.
Асноўнымі гандлёвымі партнёрамі Беларусі былі Расія (47,9% усяго тавараабароту), Украіна (7,5%), Кітай (6,6%), Польшча і Германія (па 4,1%), Літва (2%), Вялікабрытанія (1,7%), Нідэрланды (1,6%), ЗША і Турцыя (па 1,5%), Казахстан (1,4%), Італія (1,3%), Індыя (1%).
Тавараабарот з Расіяй паводле вынікаў чатырох месяцаў 2020 года склаў амаль 8 млрд 787,5 млн долараў, што на 21,4% менш, чым за студзень-красавік 2019 года, у тым ліку экспарт - больш за 4 млрд 32 млн долараў ЗША (-2,8%), імпарт - больш за 4 млрд 755 млн (-32,4%).
Тавараабарот з Польшчай знізіўся на 13,7% да 747,7 млн долараў. Экспарт склаў 361,5 млн долараў (-22,3%), імпарт - 386,2 млн (-3,7%).
Да 2017 года тавараабарот Беларусі з Еўрасаюзам скарачаўся на працягу больш як трох гадоў. У 2016 годзе ў параўнанні з 2015-м ён зменшыўся на 22,3% да 11 млрд 175,7 млн долараў, у 2015 годзе зніжэнне склала 28,5% у параўнанні з 2014-м. У 2017 годзе тавараабарот вырас на 30%, у 2018-м - на 19,6% да 17 млрд 331,9 млн долараў, у 2019 годзе - знізіўся на 9% да 15 млрд 660 млн долараў.
аз