У чацвер, 25 чэрвеня, стала вядома пра ўзбуджэнне чатырох новых крымінальных справах у дачыненні да беларускіх блогераў. Так, крымінальныя справы былі заведзеныя на адміністратара тэлеграм-канала „Беларусь головного мозга” Ігара Лосіка, слуцкага блогера Уладзіміра Няронскага, блогера ютуб-канала MozgON Уладзіміра Цыгановіча і брэсцкага блогера Сяргея Пятрухіна.
Праваабаронцы „Вясны”, кіруючыся заявай беларускай праваабарончай супольнасці ад 9 чэрвеня аб прызнанні палітзняволенымі фігурантаў „справы Ціханоўскага”, лічаць, што і Сяргей Пятрухін, і Уладзімір Няронскі таксама з’яўляюцца палітычнымі зняволенымі. Таму што 29 траўня ў Гродне адбываўся мірны сход у межах выбарчага працэсу і ніякіх дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, не было. Гэта вынікае са шматлікіх відэа, якія размешчаны ў інтэрнэце.
„Падсумоўваючы ўсё гэта і бяручы пад увагу апошнюю заяву Міністра унутраных справаў, мы прыходзім да высновы, што крымінальны пераслед усіх пералічаных вышэй блогераў, носіць палітычны характар. Гэта значыць, што мы разглядаем іх як палітычных зняволеных”, – заяўляе праваабаронца, намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч.
Праваабаронцы „Вясны” патрабуюць неадкладнага вызвалення ўсіх блогераў, затрыманых па крымінальных справах, і таксама спынення рэпрэсій ад уладаў Беларусі і спынення палітыкі запалохвання грамадзянаў у перыяд правядзення выбарчай кампаніі.
На сённяшні дзень праваабаронцы прызналі палітзняволеннымі 15 чалавек, і гэты спіс можа пашырыцца.
аз