Роўна 20 гадоў таму знік беларускі тэлеаператар, супрацоўнік расейскай тэлевізіі ОРТ, (цяпер – Першы канал) Дзьмітры Завадзкі. На момант знікнення яму было 27 гадоў.
Прайшло 20 гадоў, а праўды мы ня ведаем да гэтага часу, – гаворыцца ў паведамленні БАЖ.
– Вельмі цяжка і балюча. Няма нават магілы, на якую можна было б прыйсці і ўспомніць калегу. У мінулыя гады 7 ліпеня мы прыходзілі з партрэтамі Змітра да падʼезда, адкуль ён выйшаў той раніцай. Але сёння гарантаваць бяспеку калег падчас нават маўклівага стаяння з партрэтам немагчыма. Але памяць немагчыма забіць. Выкрасці. Затрымаць, аштрафаваць ці кінуць на «суткі».
Раніцай 7 ліпеня 2000 году Завадзкі выехаў з дому ў Нацыянальны аэрапорт Менск сустракаць Шарамета, які прылятаў з Масквы. З тых часоў аператара ніхто ня бачыў. Ягоны аўтамабіль быў знойдзены ў аэрапорце.
У 2002 годзе Менскі абласны суд прызнаў вінаватым у выкраданні Завадзкага групу былога байца спэцпадраздзялення МУС «Алмаз» Валерыя Ігнатовіча, які сустракаўся з ім у Чачэніі. Ігнатовіч асуджаны на пажыццёвае зняволенне.
27 лістапада 2003 году суд Фрунзенскага раёну Менску прызнаў Завадзкага памерлым, хоць яго цела так і не было знойдзена.
У сакавіку 2004 году пракуратура прыпыніла расследаванне справы аб выкраданні журналіста «у сувязі зь неадшуканнем бязь вестак зніклай асобы».
юл