Група беларускіх актывістаў у Польшчы звярнулася да кіраўніцтва «Музея Бітвы пад Грунвальдам» з петыцыяй, у якой просіць усталяваць побач з польскім, літоўскім і ўкраінскім сцягамі таксама беларускі бел-чырвона-белы штандар. На думку аўтараў звароту, гэта стане актам гістарычнай справядлівасці, ушанаваннем удзелу беларусаў у Грунвальдскай бітве і сімвалам салідарнасці з беларускім народам, які і сёння працягвае барацьбу за свабоду і незалежнасць, адзначае ініцыятар петыцыі — выконваючы абавязкі старшыні Партыі БНФ Юры Меляшкевіч.
— Ідэя прыйшла дзякуючы ініцыятыве Алеся Лагвінца, які разам з паплечнікамі быў на папярэдніх святах Грунвальдзкага фэста з нагоды перамогі на Грунвальдскім полі. Яны звярнулі ўвагу на тое, што стаялі тры штандары: польскі, літоўскі і ўкраінскі і, зразумела, што на гэтым полі не стае беларускага штандару, які абазначаў бы ўдзел беларускіх харугваў у пераможнай бітве. Мы хацелі б сабраць пад петыцыяй 12 тысяч подпісаў. Прыблізна столькі ваяроў удзельнічала ў бітве на Грунвальдзкім полі ў 1410 г.
Меляшкевіч заклікае беларусаў прыехаць на Грунвальдзкае поле 15 ліпеня і падтрымаць ініцыятыву сваёй прысутнасцю і бел-чырвона-белымі сцягамі.
Сёлета спаўняецца 616 гадоў з дня Грунвальдскай бітвы — адной з найважнейшых падзей у гісторыі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Менавіта там у 1410 годзе аб'яднаныя сілы Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага атрымалі перамогу над Тэўтонскім ордэнам. Значны ўклад у гэтую перамогу зрабілі і харугвы, сфармаваныя на беларускіх землях.
Чаму з'явілася гэтая ініцыятыва, якое значэнне яна можа мець для беларусаў і ці ёсць ужо водгук з польскага боку, расказаў ініцыятар петыцыі — выконваючым абавязкі старшыні Партыі БНФ Юры Меляшкевіч у размове з Яраслаўам Іванюком.
яс