Беларуская Служба

Назіральнікі Парламенцкай асамблеі АБСЕ не прыедуць на выбары ў Беларусь

08.07.2020 08:01
Міжнародныя назіральнікі, як правіла, пасля кожных выбараў у Беларусі паказваюць на шэраг парушэнняў у ходзе кампаніі.
.
Галасаванне.Photo: mohamed_hassan/pixabay.com/CC0 Public Domain

Парламенцкая асамблея АБСЕ не зможа накіраваць назіральнікаў на прэзідэнцкія выбары ў Беларусь, паведаміў TUT.BY кіраўнік Камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных.

Дэпутат падкрэсліў, што беларускія парламентарыі зацікаўлены ў тым, каб запрасіць на выбары калегаў.

„Але Парламенцкая асамблея АБСЕ ўжо сказала, што не зможа накіраваць сваіх назіральнікаў. Гэта звязана з эпідэміялагічнай сітуацыяй”, - патлумачыў Савіных.

Нагадаем, пытанне з прысутнасцю міжнародных назіральнікаў „вісела” ў паветры да апошняга. У сярэдзіне чэрвеня кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына пасля нарады ў прэзідэнта заявіла, што Беларусь пачне запрашаць міжнародных назіральнікаў пасля рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты.

Звычайна за выбарамі ў Беларусі сочыць некалькі груп міжнародных назіральнікаў: ад СНД, ШОС, Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, ад Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ) звычайна працуе дзве групы - ад Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека і ад Парламенцкай асамблеі, а таксама дыпламаты, якія працуюць у краіне.

Пазней кіраўнік МЗС Уладзімір Макей сказаў, што Беларусь усё яшчэ не адмаўляецца ад запрашэння міжнародных назіральнікаў, але будзе глядзець на эпідэміялагічную сітуацыю.

2 ліпеня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь „перамагла каранавірус”.

Міжнародныя назіральнікі, як правіла, пасля кожных выбараў у Беларусі паказваюць на шэраг парушэнняў у ходзе кампаніі. Напрыклад, назіральнікі ад АБСЕ ўжо не раз крытыкавалі практыку масавага датэрміновага галасавання на выбарах у Беларусі за немагчымасць забяспечыць паўнавартасны кантроль за бюлетэнямі і факты выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу пры арганізацыі датэрміновай яўкі.
Пасля парламенцкіх выбараў у 2016 годзе АБСЕ выдала 32 рэкамендацыі, як зрабіць выбары ў Беларусі больш сумленнымі, але ЦВК іх у поўным памеры так і не ўлічыў.

Пасля парламенцкіх выбараў у мінулым годзе назіральнікі ад АБСЕ заявілі, што парламенцкія выбары ў Беларусі прадэманстравалі „поўную адсутнасць выканання дэмакратычных абавязацельстваў”. Еўразвяз назваў мінулыя выбары „страчанай магчымасцю”.

аз