Беларускія ўлады павінны неадкладна вызваліць усіх журналістаў, затрыманых за іх працу, і дазволіць прэсе асвятляць выбары, якія павінны адбыцца ў краіне, не асцерагаючыся пераследаў, заявіў Камітэт па абароне журналістаў, якога цытуе сайт spring96.org
Паводле паведамленняў СМІ, з 15 чэрвеня ўлады па ўсёй краіне арыштавалі па меншай меры шасцярых блогераў. Выступаючы ў парламенце 26 чэрвеня, міністр унутраных спраў Юрый Караеў заявіў, што блогеры імкнуцца здзейсніць „рэвалюцыю” напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў.
Барыс Гарэцкі, намеснік кіраўніка Беларускай асацыяцыі журналістаў, паведаміў КАЖ, што, паколькі ўрадавая цэнзура шырока распаўсюджаная сярод асноўных тэлевізійных, радыё - і друкаваных выданняў, многія грамадзяне атрымліваюць навіны ад незалежных журналістаў у Інтэрнэце.
„У сваёй апошняй спробе падаўлення крытычных галасоў, беларускія ўлады кінулі па меншай меры паўтузіна блогераў за краты, абвінаваціўшы іх у тым, што яны рыхтуюць рэвалюцыю, – сказала ў Нью-Ёрку Гульноза Саід, каардынатарка праграмы КАЖ па Еўропе і Цэнтральнай Азіі. – Аляксандр Лукашэнка павінен неадкладна вызваліць гэтых журналістаў, асабліва калі ён хоча, каб маючыя адбыцца ў краіне выбары мелі хаця б бачнасць легітымнасці”.
15 чэрвеня ўлады горада Брэста затрымалі Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава, якія публікуюць палітычныя каментары на канале YouTube "Народны рэпарцёр", што мае блізу 50 000 падпісчыкаў, і „Дэпутаты Youtube". 20 чэрвеня ім было выстаўленае абвінавачванне ва „удзеле ў дзеяннях з адкрытым непадпарадкаваннем законным патрабаванням уладаў”, паведамляецца ў навінах.
25 чэрвеня супрацоўнікі праваахоўных органаў у Мінску затрымалі Ігара Лосіка, які, між іншым, кіруе тэлеграм-каналам „Беларусь галаўнога мозгу” і публікуе крытычныя каментары пра Лукашэнку (каля 165 000 падпісчыкаў).
У той жа дзень міліцыя затрымала Уладзіміра Няронскага, вядучага YouTube-канала „Слуцк для жыцця”, і пачала крымінальнае расследаванне ў дачыненні да яго. „Слуцк для жыцця” асвятляе палітыку і сацыяльныя пытанні краіны, і ў яго каля 13 000 падпісчыкаў.
25 чэрвеня трое супрацоўнікаў міліцыі збілі і затрымалі Сяргея Спарыша, блогера і актывіста палітычнай партыі „Народная Грамада”.
26 чэрвеня праваахоўныя органы затрымалі Аляксандра Андрэева, вядучага блога палітычных каментароў „Орша для жыцця” на YouTube і Telegram, за неадзначанае „адміністрацыйнае правапарушэнне”.
Барыс Гарэцкі падазрае, што блогеры застануцца пад вартай да заканчэння выбараў.
КАЖ некалькі разоў тэлефанаваў у Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі для атрымання каментароў па справах, але на званкі ніхто не адказаў.
аз