Праваабаронцы заклікалі выбарнікаў паведамляць пра любыя факты прымусу галасаваць датэрмінова на сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі, паведамляе «Радыё Свабода».
Як адзначаюць у кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», падчас некалькіх дзён датэрміновага галасавання частку выбарнікаў у Беларусі (у асноўным студэнтаў, вайскоўцаў і працаўнікоў дзяржаўных установаў) нярэдка прымушаюць галасаваць загадзя, што з'яўляецца грубым парушэннем Выбарчага кодэксу.
Праваабаронцы гатовыя адстойваць правы выбарнікаў і заклікаюць усіх, хто сутыкнуўся з прымусам галасаваць датэрмінова, абавязкова паведамляць пра такія факты праваабаронцам, не забываючы прыкладаць відэа, аўдыё – і фотадоказы «загонаў» на датэрміновае галасаванне.
Паведаміць пра факт прымусу галасаваць датэрмінова можна праз адмысловую форму.
Кожны выбарнік мае права самастойна вырашаць, за каго і калі галасаваць. Датэрміновае галасаванне – гэта права выбарніка, а не абавязак, і пры адмове ісці на выбарчы ўчастак датэрмінова ніхто ня мае права адлічыць яго з вучобы, пазбавіць інтэрнату, звольніць з працы ці пагражаць іншымі наступствамі, падкрэсліваюць праваабаронцы і заклікаюць беларусаў разам з імі супрацьстаяць фальсіфікацыям на выбарах у Беларусі, частка якіх адбываецца падчас датэрміновага галасавання.
Датэрміновае галасаванне на прэзідэнцкіх выбарах 2020 году будзе праходзіць з 4 па 8 жніўня.
эж