Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Больш гвалту, страляніны і барыкадаў

11.08.2020 08:50
Міністэрства ўнутраных справаў прызнала смерць аднаго пратэстоўца.
         .
Пратэсты і гвалтоўныя разгоны дэманстрантаў адбываліся ў шэрагу гарадоў Беларусі.PAP/EPA/YAUHEN YERCHAK

Гвалтоўны разгон, страляніна, святлошумавыя гранаты, адзін загінулы – такім чынам можна падсумаваць другую ноч пратэсту ў Мінску, паведамляе «Свабода». Цягам вечара 10 жніўня і ночы на 11 жніўня па краіне працягнуліся масавыя пратэсты, звязаныя з прэзідэнцкімі выбарамі.

Пратэсты і гвалтоўныя разгоны дэманстрантаў адбываліся ў шэрагу гарадоў Беларусі, у тым ліку ў Бабруйску, Брэсце, Віцебску, Гомлі, Гродне, Магілёве, Бярозе, Мазыры.

Два асноўныя цэнтры пратэсту Мінску ўтварыліся каля плошчы Бангалор, пад універсамам «Рыга», і між станцыямі метро «Спартыўная» і «Пушкінская». Пра затрыманні паведамлялі таксама ў цэнтры гораду, у Каменнай горцы, Уруччы і Маяку Мінску.

Барыкады на «Рызе» сілавікі разбіралі прынамсі чатыры разы - дэманстранты адыходзілі, затым вярталіся і будавалі новыя.

Супраць дэманстрантаў ужывалі дручкі, святлошумавыя гранаты, вадамёты, гумовыя кулі. Выбухі было чуваць у розных частках гораду прынамсі да 2 ночы.

Міністэрства ўнутраных справаў прызнала смерць аднаго пратэстоўца — каля 23 гадзінаў 10 жніўня на вуліцы Прытыцкага ў Мінску чалавек загінуў ад выбуху. МУС сцьвярджае, што гэта выбухнула самаробная прылада, якую той хацеў кінуць у сілавікоў. Аднак прысутныя журналісты адзначаюць, што ў той час сілавікі стралялі ў бок дэманстрантаў шумавымі гранатамі.

Журналісты сцьвярджаюць, што людзі ў вайсковай форме стралялі прыцэльна па іх, хоць яны былі ў камізэльках «Прэса».

Дзеянні сілавікоў адносна дэманстрантаў сталі больш агрэсіўнымі, спэцсродкі сталі ўжывацца часцей, але і дэманстранты сталі часцей будаваць барыкады, кідаць розныя прадметы ў сілавікоў.

Відавочцы ў Брэсце бачылі, як у сілавікоў запусцілі фаерверк, а ў Менску казалі, што бачылі прынамсі адзін «кактэйль Молатава», які дэманстранты кінулі ў бок сілавікоў, і самаробную піратэхніку, якую кідалі ў машыны-вадамёты. Адносна апошняга пратэстоўцы казалі, што «гэта адказ на тое, што ў іх кідалі гранаты».

аз