У Маладзечне 20 жніўня адбылося некалькі акцый супраць гвалту, арганізаваных суполкай жаночай салідарнасці. Яны падтрымлівалі работнікаў Маладзечанскіх электрасетак і Беларускай чыгункі, якія выйшлі на акцыі салідарнасці.
Ад 12 жніўня ў Маладзечне штодзень адбываюцца акцыі жаночай салідарнасці. Жанчыны і дзяўчаты выходзяць на вуліцы гораду з кветкамі, паветранымі шарамі і плакатамі. Такім чынам яны асуджаюць гвалт, які выкарыстоўваюць сілавікі з мэтай захаваць уладу Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі.
Лідар суполкі жаночай салідарнасці ў Маладзечне Алеся Каролік патлумачыла, чаму яны абралі такі спосаб выказаць грамадзянскую пазіцыю. Мы паразмаўлялі з Алесяй падчас акцыі 19 жніўня каля маладзечанскага дзяржаўнага тэлебачання. Тут пратэстоўцы сабраліся з плакатамі, некаторыя завязалі вочы або рот, каб паказаць, што дзяржаўныя медыі Беларусі не расказваюць праўду.
– У нас мірныя мэты. Мы не прызываем да гвалту, наадварот, мы супраць гвалту. І ў нас ёсць шмат розных фарматаў, каб гэта выказаць. Гэта і шэсці, гэта нейкія перформансы, і розныя віды мастацтва.
На нацыянальным мітынгу пад бел-чырвона-белымі сцягамі 16 жніўня ў Маладзечне сабралася не менш за 8000 чалавек. 20 жніўня ў Маладзечне адбылася акцыя ў падтрымку дзейснай улады. Гэта была першая акцыя за Лукашэнку ў Маладзечне цягам сёлетняга давыбарчага і поствыбарчага перыяду. На мерапрыемстве сабралася каля тысячы чалавек. На праўладным мерапрыемстве 20 жніўня адна з выступоўцаў заявіла:
– Я за сябе ўжо не адказваю. Я не магу спаць, я не магу жыць, я не магу хадзіць па гэтай зямлі. У нас завялася цвіль, але мы яе знішчым.(…) Я ехала на мінулым тыдні на пахаванне. Я не зразумела раніцай, чаму столькі смецця. Чаму «Камунальнік», чаму гэтыя людзі – пенсіянеры, маладыя людзі, прыбіраюць за вамі? Вы што, працаваць не ўмееце, так? Вас навучыць? Мы вас навучым працаваць! Я за Лукашэнку парву вам пашчу, зразумелі?
20 жніўня ў Маладзечне таксама адбываўся збор подпісаў за адкліканне паўнамоцтваў дэпутата Палаты прадстаўнікоў Людмілы Канановіч, якая прадстаўляе ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі выбарцаў ад Маладзечанскага раёну.
ІП, «Рэгіянальная газета», для Польскага радыё