Вечарам у пятніцу стала вядома, што Міністэрства інфармацыі заблакавала доступ з Беларусі да 73 інфармацыйных рэсурсаў. Сярод самых вядомых «Радыё Свабода», тэлеканал «Белсат», «Еўрарадыё», газета «Салідарнасць», Udf.by, The Village, By.tribuna.com, Віцебскі кур'ер, Народныя навіны Віцебска, Masheka.by, сайт закрытага ўладамі праваабарончага цэнтру «Вясна».
Таксама з 9 жніўня і да гэтага часу адсутнічае доступ да сайта ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».
БАЖ патрабуе разблакаваць сайты, спыніць ціск на прэсу, забяспечыць выпуск выданняў - гаворыць намеснік старшыні БАЖу Барыс Гарэцкі:
-Мы разглядаем гэта як наступ на свабоду слова. Гэта непасрэдная цэнзура. Грамадзяне Беларусі згубілі права і магчымасць атрымліваць інфармацыю, права на што гарантавана канстытуцыяй. Журналісты згубілі права і магчымасць бесперашкодна выконваць свае прафесійныя абавязкі і распаўсюджваць інфармацыю. Зараз гэты ціск адбываецца па ўсіх франтах. Вярнуліся затрыманні журналістаў, блакуецца выданне газет, блакуюцца інтэрнэт-сайты.
У пятніцу пад падставай выхаду з ладу друкаванага станка дзяржаўнае прадпрыемства «Выдавецтва «Беларускі Дом друку» сарвала выпуск чарговых нумароў газет «Народная воля» і «Комсомольская правда в Беларусі». У выпадку з «Камсамолкай» гэта ўжо трэці выпадак зрыву выхаду газеты.
ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»:
- звязвае блакаванне інтэрнэт-рэсурсаў і зрыў выхаду друкаваных выданняў са спробай уладаў блакаваць інфармацыю аб поствыбарных пратэстах у краіне і цвёрдым гвалце супраць іх удзельнікаў;
- лічыць такія дзеянні ўскоснай цэнзурай і перашкоджаннем законнай дзейнасці медыяў у Беларусі;
- заяўляе, што ў выніку гэтых дзеянняў не толькі парушаюцца правы журналістаў і СМІ, але і абмяжоўваецца канстытуцыйнае права грамадзян краіны на атрыманне поўнай, дакладнай i своечасовай iнфармацыi;
- патрабуе ад уладаў краіны неадкладна спыніць ціск на прэсу, забяспечыць бесперабойны выпуск друкаваных выданняў, разблакаваць доступ да заблакаваным сайтаў;
- заклікае беларускія і міжнародныя арганізацыі падтрымаць гэтую заяву.
ав