Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

«Такі хакей нам не патрэбны!»

30.08.2020 17:58
У нядзелю па ўсё Беларусі прайшлі маршы «Міру і Незалежнасці».
21    .
21 дзень пратэстаў у Беларусі. Ілюстрацыйны здымакEPA/STRINGER Dostawca: PAP/EPA

На вуліцы беларускіх гарадоў выйшлі сотні тысяч чалавек. Большасць акцый пачалася а 14 гадзіне. Маршы прайшлі ва ўсіх абласных цэнтрах і ў шматлікіх меншых гарадах. Найбольшая акцыя адбылася ў Мінску.

У сталіцы на марш выйшла больш за 100 тысяч чалавек. Людзі ішлі ў цэнтр калонамі з розных раёнаў гораду. Да пратэстоўцаў далучыліся асобнай калонай лекары, каб выказаць нязгоду з гвалтам у краіне пасля выбараў. Таксама зрабілі спартсмены, які ішлі з расцяжкай: «Спартсмены – з народам». Людзі ім апладзіравалі.

Панавала мірная ды радасная атмасфера. Людзі былі прыгожа апранутыя, было шмат сцягоў і плакатаў, у тым ліку вялікі 5-метровы прусак, у калонах гучала музыка. Распавядае ўдзельніца Вольга.

- Людзей было значна больш, чым у мінулы раз. З пачатку АМАП спрабаваў выціснуць людзей з Плошчы Незалежнасці. Потым пайшоў марш. Было крута, шмат вясёлых лозунгаў. Сустрэла шмат знаёмых, абрадавалася, што мы аднадумцы. Людзі казалі, што будуць выходзіць кожныя выходныя.

У адказ улады перагарадзілі ўвесь цэнтр гораду ды вывелі спецтэхніку на плошчу Незалежнасці ды каля стэлы «Мінск – горад-герой». Закрылі станцыі метро ў цэнтры, заблакавалі мабільную сувязь ды інтэрнэт. У раёне КДБ адбылася сутычка дэманстрантаў з Амапам. МУС паведаміла, што было затрымана 140 чалавек.

Пасля чаго большасць удзельнікаў пайшла да рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі, каб уручыць яму падарункі ад народа Беларусі на дзень нараджэння. Ён не выйшаў да людзей, адправіў свайго памагатага Мікалая Латышонка. Размовы не атрымалася. Стаянне скончылася нічым, кажа палітолаг Рыгор Астапеня.

- Нічога пакуль не змянілася. З аднаго боку, улады ня могуць суцішыць пратэставыя настроі. З другога боку, пратэст пакуль ня можа перамагчы.

Беларускія незалежныя СМІ ўжо назвалі сённяшні марш самай дзёрзкай дэманстрацыяй грамадзянскага непадпарадкавання за тры тыдні пратэстаў.

юл