Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

У дзень нараджэння  Лукашэнкі Віцебск выйшаў на Марш міру і незалежнасці

31.08.2020 07:12
Віцебляне павіншавалі Прэзідэнта: «З днём нараджэння! Сыходзь!», «Лукашэнку ў аўтазак», «Любімая – ды не твая!».
Марш "за Мір і Незалежнасць" у ВіцебскуТэлеграм-канал "Типичный Витебск"

30 жніўня ў Віцебску прайшоў марш «Міру і незалежнасці», які супаў з днём нараджэння Аляксандра Лукашэнкі.

Збор анансавалі ў 14 гадзін на Плошчы Перамогі, аднак, людзі пачалі збірацца каля цэнтральнага ЗАГСа і гандлёвага цэнтру «Marko city», бо Плошча Перамогі была агароджаная і ўзмоцнена кантралявалася сілавікамі.

Людзі вырашылі не стаяць на адным месцы, каб не адбылося так званых «хапуноў» і пачалі рухацца да Плошчы Свабоды. Гараджане актыўна далучаліся да пратэстоўцаў падчас руху калоны. Потым яна разгарнулася і пачала рушыць па цэнтру гораду: па вуліцах Леніна, Фрунзэ, Смаленскай. Людзі скандавалі лозунгі: «Жыве Беларусь!», «З днём нараджэння! Сыходзь!», «Лукашэнку ў аўтазак!»

Акцыю суправаджалі мікрааўтобусы без апазнавальных знакаў і міліцыянты, якія не ўмешваліся. Была спроба затрымаць кіроўца таксі з бел-чырвона-белым сцягам. Пратэстоўцы кінуліся выручаць таксіста і яго адпусцілі.

Далей калона выйшла на Маскоўскі праспект, прайшла па праспектах Перамогі і Будаўнікоў. Людзі спявалі песні, апладзіравалі. Усяго ў акцыі прынялі ўдзел не менш чым за тысячу чалавек. Паводле дадзеных праваабарончага цэнтру «Вясна», затрыманых падчас акцыі ў Віцебску няма.

Святаслаў Бруйко