У гродзенскіх праваслаўных храмах, як і паўсюль у краіне, адбыліся малебны за Беларусь.
Гродзенскі Свята-Пакроўскі сабор, што ў цэнтры гораду, быў запоўнены ў нядзелю многімі з тых, хто ўдзельнічаў у Маршы міру і незалежнасці. Адчувалася, што людзі прыйшлі памаліцца за Беларусь ва ўзнёслым настроі.
Пасля літургіі да вернікаў з казаннем звярнуўся архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій. Яго прамова была вельмі кранальнай, ён казаў пра Бога, пра чалавечае жыццё, пра тое, што мы не адзінокія ў гэтым жорсткім свеце, прыводзіў прыклады з святога пісання і з чалавечага жыцця.
«Таму мы павінны памятаць, што Бог не ў сіле, а Бог у праўдзе», – прамаўляў архіепіскап.
У храме стаяла поўная цішыня, людзі ўважліва слухалі святара. Давялося пачуць думкі ад прысутных, што царква ніколі не была так побач з сваім народам. Праўда, у адказ гучала, што народ сам не вельмі блізкім быў з царквой.
«На маю думку, вельмі важна, каб царква была разам з народам і народ з царквой», – адказвала абодвум бакам верніца.
Дарэчы, архіепіскап Арцемій адразу пасля першых пратэстаў публічна заявіў, што не падтрымлівае дзеянні ўладаў, а пратэстуючым падзякаваў за мірны супраціў і адсутнасць агрэсіі ў адказ на жорсткасць сілавікоў.
Алесь Завіноўскі