Учора ў Мінску затрымалі футбалістаў «Крумкачоў» Сяргея Казеку і Паўла Расольку. Прэс-служба каманды паінфармавала, што футбалісты былі затрыманыя падчас вяртання з трэніроўкі. Іх даставілі ў Ленінскі РУУС, адкуль ноччу Сяргея Казеку ў кайданках і пад канвоем павезла хуткая дапамога. Цяпер футбаліст знаходзіцца ў 4-й гарадской бальніцы. Пра падзеі расказаў нам прэс-сакратар клубу Сяргей Южык:
-Сяргей Казека ўжо ў чацвёртай больніцы, яго наведвае жонка. У яго пашкоджаны трэці і чацвёрты пазванкі, яму трэба месяц прытрымлівацца пасцельнага рэжыму. З Паўлам Расолька ўсё нармальна. Ён правёў усю ноч у РАУС. Іх затрымалі, калі яны вярталіся з трэніроўкі, у ваколіцы Гарадскога вала. Яны сталі назіральнікамі інцыдэнту, калі з машыны без нумароў выйшлі невядомыя і пачалі хапаць людзей. У нас ёсць відэа, на якім бачна, што футбалісты не прымалі ўдзелу у гэтай акцыі, хаця іх абвінавачваюць у пашкоджанні гэтай машыны. Справай займаецца адвакат. Следчы кажа, што выразна бачна, што яны не прымалі ўдзелу ў гэтым, таму як гэта будзе далей – пакуль не ведаем. Мы падалі заяўку ў судовую медычную экспертызу па факце збіцця нашых футбалістаў і ў гэтай справе мы будзем ісці да канца.
Нагадаем, што на матч мінулага тура беларускай першай лігі па футболу гульцы каманды «Крумкачы» выйшлі ў майках з надпісам «Мы з народам». Фотаздымкі футбалістаў распаўсюдзіліся ў інтэрнэце і атрымалі вельмі пазітыўны водгук. Гэта была акцыя саміх футбалістаў. «Крумкачы» былі першым клубам у Беларусі, які падтрымаў тых, хто сядзіць у турмах і выказаў пратэст супраць гвалту. Паводле Сяргея Южыка гэта быў лагічны працяг пазіцыі каманды па цяперашніх падзеях. Акрамя гэтага, футбалісты такім чынам выказалі сваю думку пра забарону прысутнасці заўзятараў на трыбунах.
Заўтра адбудзецца матч кубка Беларусі паміж «Крумкачамі» і мінскім «Дынама». Нечакана Федэрацыя дазволіла на прысутнасць заўзятараў на матчы.
– Гэтае рашэнне з боку федэрацыі было вельмі нечаканым – дазволіць заўзятарам прыйсці на матч пасля забароны ў мінулыя тыдні, калі баяліся лозунгаў кшталту «Жыве Беларусь» і іншых. Таму што гэта хутчэй за ўсё была прычына забароны. Таму я нават не ведаю, чаму яны дазволілі гэтым разам прыйсці. І, канешне, усе хочуць прыйсці, падтрымаць гульцоў, уласна Сяргея і Пашу, пасля таго, што з імі здарылася. - кажа прэс-сакратар клубу, Сяргей Южык
Гэтыя здарэнні могуць стаць важнай кропкай у развіцці папулярнасці каманды, паколькі заклікі пайсці на наступны матч хутка распаўсюджваюцца ў сацсетках. Матч адбудзецца заўтра, 1 верасня, на САК «Алімпійскі» на вуліцы Сурганава 2А а гадзіне 16:00.
Беларуская федэрацыя футболу назвала палітычнымі дзеянні некалькіх гульцоў падчас матчаў у мінулых турах. Як інфармуе tribuna.by, Яўген Шыкаўка са сталічнага «Дынама», Усевалад Садоўскі з «Руху Брэст», Павел Няхайчык з БАТЭ і іншыя пасля забітых голаў паказалі знак перамогі – два пальцы ўверх. Таксама можна было ўбачыць узняты ўверх кулак і белыя стужкі на руках гульцоў розных каманд.
Нягледячы на рэакцыю федэрацыі, гульцы часта ў сваіх сацсетках адкрыта падтрымліваюць народ і яго патрабаванні. Ілія Шкурын, які гуляе ў маскоўскім ЦСКА адкрыта заявіў, што не мае намеру выступаць за Беларусь, а таксама ўязджаць у краіну, пакуль кіраўніком дзяржавы з’яўляецца Лукашэнка.
– Разумееце, усё адбываецца паслядоўна. Зараз спартоўцы падпісваюць ліст за правядзенне новых выбараў, супраць гвалту... І з кожным днём іх становіцца больш, сярод іх і футбалісты. Думаю, што неўзабаве далучацца іншыя каманды, калі не будзе моцнага ціску, таму што бачаць, што б’юць людзей ні за што, у тым ліку футбалістаў, і трэба падтрымаць
А ці пасля таго, што ў нядзелю адбылося з Сяргеям Казекай і Паўлам Расолькам, больш футбалістаў выступіць са сваёй грамадзянскай пазіцыяй?
– Думаю што матч супраць «Дынама» стане штуршком для таго каб больш людзей выступіла супраць гвалту. Таксама некаторыя футбалісты з іншых камандаў, варатар Тарпеда-БЕЛАЗ Уладзімір Бушма і яго калегі, стаялі ўначы пад РАУС. Гэта значыць, што падтрымка і салідарнасць у групе ёсць.
Ці вы маеце нейкую інфармацыю пра ціск з боку федэрацыі або іншых дзяржаўных органаў на футболныя клубы Беларусі?
– Ведаеце, што федэрацыя вынесла «Крумкачам» папярэджанне, у якім было напісана, што наш матч быў несанкцыянаваны і не адказваў правілам арганізацыі. Другое што ім не падабалася, гэта тое, што мы на пачатку матчу называлі назвы спонсараў. Прычым мы гэта ўжо робім тры гады і дагэтуль не было праблемаў. Вядома, што прычына зусім іншая – яны знайшлі якую-небудзь падставу, а сапраўдная прычына – гэта то што наш клуб выразіў сваю пазіцыю. І я думаю, што на іншыя каманды таксама аказваецца ціск, можна гэта дапусціць паколькі нас такія сітуацыя датычаць. Федэрацыя таксама бачыла праблемы ў паказванні знаку перамогі або тое што белыя стужкі гэта палітычныя пазіцыя ў падтрымку Ціханоўскай. І гэта ўсё вельмі дзіўна, але агульная карцінка – ціск на гульцоў – прысутнічае.
Падчас падрыхтоўкі матэрыялу стала вядома, што футбалістаў адпусцілі з РАУС і не распачалі крымінальнай справы супраць іх.
Слухайце аўдыё
Альберт Ежы Вяжбіцкі