У Гродзенскі гарадскі Савет члены ініцыятыўнай групы спрабавалі падаць дакументы для правядзення сходу, каб адклікаць дэпутата Нацыянальнага сходу Лілію Кір’як. Дакументы ў іх не прынялі.
Паводле Яўгена Дудкіна, які насіў дакументы ў гарадскі Савет, іх не прынялі з прычыны таго, што ў адпачынку знаходзіцца старшыня гарадскога Савета Барыс Фёдараў. Яго запісалі на прыём аж на 10 верасня.
Пад зваротам сабрана 273 подпісы ў той час, калі дзеля таго, каб правесці сход і запусціць працэдуру адклікання дастаткова 150 подпісаў.
Дудкін таксама патлумачыў, што дэпутата Кір’як яны хочуць адклікаць па прычыне таго, што яна ніякім чынам не адрэагавала на фальсіфікацыю выбараў і збіццё мірных дэманстрантаў.
Сябра ініцыятыўнай групы спадарыня Святлана, якая займалася зборам подпісаў, сказала, што людзі ў акрузе №51з даверам падпісваюцца і патрабуюць ад дэпутата адказу на пытанне:
- Няхай адкажуць. Мы найперш хочам, каб яны выказаліся наконт правамоцнасці выбараў прэзідэнта.
Ініцыятывы па адкліканні выбаршчыкамі дэпутатаў з прычыны іх бяздзейнасці з’явіліся ў розных гарадах Беларусі. Праўда, улады абяцаюць узбуджаць крымінальныя справы супраць актывістаў ініцыятывы.
Алесь Завіноўскі