1 верасня ў Маладзечне некаторыя і жыхары, і арганізацыі далучыліся да забастоўкі. Напрыклад, прыватны адукацыйны цэнтр «Адкрытая прастора» заявіў, што выказвае салідарнасць і робіць першы дзень навучальнага года выходным.
Актывісты беларускага пратэстнага руху заклікалі 1 верасня да забастоўкі. Прычым гэта тычылася як працуючых людзей, так і школьнікаў. Бацькоў заклікалі пакінуць дзяцей дома або хаця б не несці настаўнікам кветкі. Такая акцыя мела на мэце падкрэсліць, што менавіта ў школах адбылася значная частка фальсіфікацый прэзідэнцкіх выбараў. І што настаўнікі, якія ўдзельнічалі ў выбарах, страцілі давер.
Іншая сітуацыя ў маладзечанскай школе №5, дзе галасы на выбарах палічылі сумленна. Сюды першакласнікі прыйшлі з букетамі, а кіраўніцтва школы не ўключала ў праграму свята ўрачыстае падняцце дзяржаўнага сцяга і праслухоўванне гімна.
Працуючым людзям рэкамендавалі сёння наагул не ісці на працу або пайсці шляхам італьянскай забастоўкі – толькі рабіць выгляд, што працуеш.
Некаторыя студэнты з Маладзечна, якія вучацца ў Мінску, далучыліся да сённяшняй сталічнай акцыі пратэсту.
Для Беларускай Службы Польскага радыё для замежжа Ігар Палынскі, Маладзечна.