Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Улады падрыхтавалі праект указа аб заробках

03.09.2020 13:30
Згодна з гэтым дакументам, тым, каму не выплочваюць заробак 15 каляндарных дзён, могуць дазволіць не выходзіць на працу. 
 .
Ілюстрацыйны здымак.stevepb/pixabay.com/CC0

Улады падрыхтавалі праект указа «Аб мерах па абароне правоў працуючых«, ён ёсць у распараджэнні FINANCE.TUT.BY. Згодна з гэтым дакументам, тым, каму не выплочваюць заробак 15 каляндарных дзён, могуць дазволіць не выходзіць на працу. Калі ж працу прыпыніць нельга, за кожны дзень пратэрміноўкі, пачынаючы з 16-га, работнік атрымае грашовую кампенсацыю.

У праекце дакумента сказана, што калі выплата зарплаты затрымана на тэрмін больш за 15 каляндарных дзён, работнік можа прыпыніць працу да яе выплаты. Пра гэта трэба пісьмова паведаміць наймальніка за адзін дзень. У гэты час работнік можа адсутнічаць на сваім працоўным месцы і працаваць дзесьці па сумяшчальніцтве поўны працоўны дзень, пры гэтым на асноўным месцы за ім не захоўваецца сярэдні заробак.

Наймальнік, у сваю чаргу, павінен будзе апавясціць работніка пра дзень выплаты зарплаты лістом з паведамленнем не пазней, чым за два дні да яе выплаты. Пасля выплаты зарплаты ў поўным аб'ёме работнік абавязаны будзе выйсці на працу не пазней за наступны дзень.

Пры гэтым улады плануюць скласці пералік работ, на якіх прыпыненне працы ў выпадку нявыплаты зарплаты не дапускаецца. На іх, у выпадку затрымкі зарплаты на 15 каляндарных дзён, пачынаючы з 16-га дня, работнікі будуць атрымліваць кампенсацыю ў памеры 3% тарыфнай стаўкі (акладу) за кожны дзень затрымкі.

Новаўвядзенні плануюцца і для тых, хто працуе па грамадзянска-прававых дагаворах. Для іх будзе ўстаноўлены мінімальны памер выплаты за кожны дзень дзеяння грамадзянска-прававога дагавора – не менш за 1/30 мінімальнай зарплаты ў краіне.

Акрамя таго, улады хочуць забараніць заключаць грамадзянска-прававыя дагаворы ў тых выпадках, калі ў штатным раскладзе ёсць пасады, тарыфна-кваліфікацыйныя характарыстыкі якіх утрымліваюць аналагічныя працоўныя функцыі. Таксама грамадзянска-прававыя дагаворы нельга будзе заключыць з двума і больш грамадзянамі для выканання аднолькавых работ або аказання аднолькавых паслуг. За парушэнні гэтых патрабаванняў наймальніка аштрафуюць.

Дэпартаменту дзяржаўнай інспекцыі працы Мінпрацы хочуць даць магчымасць атрымліваць ад банкаў інфармацыю аб выплаце заробкаў.

Па дадзеных Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы, за студзень-чэрвень 2020 года буйных і сярэдніх арганізацыях было дапушчана 386 фактаў пратэрмінаванай запазычанасці па заробках. За той жа перыяд супрацоўнікі дэпартамента выявілі 713 наймальнікаў, якія дапусцілі парушэнне тэрмінаў выплаты заробкаў. За незабеспячэнне своечасовай выплаты заробкаў да адказнасці былі прыцягнутыя 994 юрыдычныя асобы і 964 службовых асобы наймальнікаў. Яны заплацілі штрафы на агульную суму 276 тысяч і 98 тысяч рублёў адпаведна.

ав