-Тое, што адбываецца цяпер у Беларусі, не можа пакінуць абыякавымі нават тых, хто знаходзіцца далёка за яе межамі. Увесь свет назірае за падзеямі ў нашай краіне – гэта не толькі сотні тысяч людзей на вуліцах, якія патрабуюць справядлівасці, але і гвалт, выкарыстанне арміі супраць бяззбройных грамадзян, адвольныя затрыманні, сфабрыкаваныя крымінальныя справы, тэрор, мэта якіх: пакінуць ва ўладзе існуючага кіраўніка любымі сродкамі.
У гэтай сітуацыі цяжка казаць пра экалогію, калі толькі не ўлічыць таго, што сістэмны экалагічны крызіс працяў усе галіны абсалютнай улады. Будучыня Беларусі ўжо ніколі не будзе падобным на тое мінулае, у якім мы жылі 26 гадоў, – чытаем у адкрытым звароце.
Эколагі і Зялёныя патрабуюць спыніць насілле ў краіне. Пры гэтым адзначаюць, што «важна не ўпусціць галоўнага. У спрэчцы ўладаў Беларусі з яе народам могуць прайграць усе, але, у першую чаргу, улады, калі будуць выкарыстаны недапушчальныя сродкі. Гвалт – адно з іх. Другое – гэта пуск непатрэбнай і небяспечнай БелАЭС».
Атамныя станцыі – асабліва небяспечныя аб'екты, якія не запускаюць падчас рэвалюцый і палітычных крызісаў. У звароце звяртаецца ўвага, што ўнутраныя войскі і сілавыя структуры, якія маглі б быць задзейнічаны для ліквідацыі наступстваў магчымай аварыі, цяпер занятыя зусім іншым – проціборстве з пратэстуючымі. Рэсурсы рэагавання сканцэнтраваны ў месцах масавых пратэстаў, такім чынам, няма каму будзе папярэджваць грамадзян пра аварыю і змякчаць яе наступствы.
Нагадаем, што рызыка аварыі шматкроць узрастае ў момант пуску ядзернага рэактара. У дачыненні да БелАЭС яны павялічваюцца з улікам усіх тых недахопаў і праблем, з якімі будавалася гэтая атамная электрастанцыя.
МНС змяніла працэдуру пуску БелАЭС напярэдадні выбараў, дазволіўшы праводзіць пуск гэтай атамнай электрастанцыі паэтапна, па асобных дазволах, але без ліцэнзіі на эксплуатацыю, да завяршэння адпаведнай праверкі бяспекі. У рэактар першага энергаблока ўжо загружана паліва, і яго фізічны старт можа адбыцца літаральна ў бліжэйшыя тыдні.
«Мы хочам нагадаць – тэрмін жыцця дыктатара наўрад ці перавысіць 100 гадоў, але адпрацаванае ядзернае паліва, як і наступствы радыяцыйных аварый застаюцца небяспечнымі для чалавека і прыроды на працягу сотняў тысяч гадоў.
Пуск атамнай электрастанцыі пад Астраўцом трэба спыніць!»
ав