Член прэзідыума Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі, кіраўнік страйкаму Мінскага трактарнага завода Сяргей Дылеўскі 3 верасня асуджаны яшчэ на 15 сутак, паведамляюць naviny.by.
Як паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна», такое рашэнне прыняла суддзя суда Цэнтральнага раёна Мінска Вікторыя Шабуня. Дылеўскі прызнаны вінаватым па ч. 1 арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Гаворка ідзе пра шматтысячнай стыхійнай дэманстрацыі ў Мінску 23 жніўня.
Дылеўскі быў затрыманы раніцай 24 жніўня каля прахадной Мінскага трактарнага завода, куды прыйшоў падтрымаць рабочых разам з яшчэ адным членам прэзідыума рады Вольгай Кавальковай. Абое былі затрыманыя міліцыяй за нібыта несанкцыянаванае масавае мерапрыемства (арт. 23.34 КаАП). На Кавалькову быў таксама складзены пратакол за непадпарадкаванне законным патрабаванням міліцыі (арт. 23.4 КаАП).
Ноч да суда Кавалькова і Дылеўскі правялі ў сталічным цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. 25 жніўня яны былі асуджаныя на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Арышт адбывалі спачатку ў ЦІП, а затым былі перавезены ў Жодзіне (Мінская вобласць).
Сёння Кавалькова і Дылеўскі павінны былі выйсці на свабоду, аднак замест вызвалення з жодзінскага СІЗА іх прывезлі ў суд Цэнтральнага раёна Мінска.
Кавалькова сёння раней таксама была асуджаная яшчэ на 15 сутак арышту па ч. 3 арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).
ав