У Мінску прайшла акцыя салідарнасці студэнтаў у падтрымку навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэту (МДЛУ), якіх затрымалі напярэдадні за спевы рэвалюцыйных песняў і вывешванне бел- чырвона-белых сцягоў.
Навучэнцы МДЛУ выйшлі калонай на вуліцы гораду. Іх падтрымалі студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту, але на вуліцы Карла Маркса яны сталі ахвярай нападу сілавікоў.
Блізу плошчы Якуба Коласа міліцыя правяла хапун ужо студэнтаў МДЛУ. Усяго было затрымана 25 чалавек, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Абураныя гвалтам міліцыі навучэнкі БДУ выступілі са зваротам супраць брутальных затрыманняў.
- АМАП ды нявызначаныя асобы ў цывільным, вайсковыя схапілі нашых хлопцаў, калі мы ішлі мірным маршам. Нас проста раскідвалі ў розныя бакі, каб схапіць іх. Чаму так адбываецца? Гэта пытанне не перакананняў, а пытанне таго, ці мы людзі?
З 1-га верасня ў Беларусі затрымана ўжо некалькі дзясяткаў студэнтаў, але пратэставыя настроі шырацца, кажа Дар’я Рублеўская са Згуртавання беларускіх студэнтаў.
- Сёння затрымлівалі тых, хто выйшаў падтрымаць на знак салідарнасці з тымі, каго арыштавалі ўчора. Заўтра дакладна будзе студэнцкая калона ў агульным маршы. Што будзе далей вырашым, калі падсумуем актыўнасць з гэтага тыдня.
Увечары з міліцыі пачалі выпускаць затрыманых студэнтаў. 17 чалавек вызвалілі, а пяцярых завезлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна.
Каля будынку міліцыі сабраліся таксама лекары. Медыкі дзяжурылі, каб аказаць дапамогу пацярпелым і падтрымаць бацькоў затрыманых студэнтаў. Апроч таго беларускія лекары і навукоўцы запісалі адкрыты відэазварот у сувязі з затрыманнямі студэнтаў і ліцэістаў на мірных акцыях 1-4 верасня.
- Мы лекары ды навукоўцы, аспіранты і дацэнты, мы мамы і таты. Мы глядзім на гэты АМАП і думаем, як важна проста любіць сваіх дзяцей. З дзяцей якіх не любілі вырастаюць такія страшныя людзі. Цяпер бачна, што гэта глабальны канфлікт. Гэта ўсё не палітыка, гэта пра дабро і зло. Тут дабро, там – зло!
У Беларусі 28 дзён працягваюцца пратэсты супраць сфальшаваных выбараў ды гвалту ўладаў.
юл