Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Марш герояў у Віцебску

13.09.2020 20:56
Акцыя прайшла пад лозунгамі: «Гэта наш горад!», «Колькі каштуе сумленне?», «Не забудземся – не прабачым!».
Марш герояў у ВіцебскуА. Бруйко

Удзельнікі шэсця сабраліся каля Лядовага палаца ў 14 гадзін і пачалі рушыць у цэнтр горада. Людзі неслі бела-чырвона-белыя сцягі, скандавалі лозунгі. Праходзячы міма хаты, дзе жывуць бацькі палітвязня Паўла Севярынца, віцябляне скандавалі: «Пашу на волю!» На скрыжаванні праспектаў Будаўнікоў і Чарняхоўскага міліцыя не прапускала калону ў цэнтр горада, аднак людзі прадралі кардон і прайшлі наперад, было затрымана два чалавекі.

Паралельна з калонай рухаліся прадстаўнікі віцебскага аддзялення Беларускага Чырвонага Крыжа, якія гатовы былі аказаць дапамогу пацярпелым. Пратэстоўцы прыйшлі на плошчу Перамогі – але там іх чакала міліцыя. Таму людзі пайшлі дварамі. Спачатку яны выйшлі на вуліцу Чкалава, потым на Маскоўскі праспект. Акцыя завяршылася ў 17 гадзін супольным фота на прыступках Лядовага палаца.

Паводле дадзеных МУС, у Віцебскай вобласці затрымана 18 удзельнікаў пратэставых акцый.

Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко