Беларуская Служба

Гродзенцы падалі ў суд на гарадскі Савет дэпутатаў

16.09.2020 10:02
Людзі абскаржваюць рашэнне ўладаў забараніць ім праводзіць сход па адкліканне дэпутата.
Здымак мае ілюстрацыйны характарEPA/STRINGER Dostawca: PAP/EPA

Старшыня Гродзенскага гарадскога Савету адмовіў выбарцам 51-й выбарчай акругі ў правядзенні сходу па адкліканню дэпутата Палаты прадстаўнікоў. Выбарцы падалі на гэтае рашэнне скаргу ў суд.

У Гродне, як і ў многіх гарадах Беларусі, пачалася кампанія па адкліканню дэпутатаў. Найперш ім закідваюць тое, што яны ніякім чынам не адрэагавалі на сфальсіфікаваныя прэзідэнцкія выбары, а, па-другое, з боку дэпутатаў не было аніякай рэакцыі на збіццё сілавікамі мірных дэманстрантаў.

У Гродне чатыры акругі і на ўсіх ініцыятыўныя грамадзяне сабралі неабходную колькасць подпісаў для таго, каб Саветы прадставілі ім месца для правядзення сходаў па адкліканню дэпутатаў.

Адмова выбарцам 51-й акругі вельмі здзівіла юрыстаў. Дзмітрый Салаш, юрыст з досведам, кажа, што нават не ўяўляе, як такое можна было напісаць, бо ў заканадаўстве адназначна прапісана функцыя мясцовага Савету ў дадзенай сітуацыі.

«Функцыя Савету ў тым, каб арганізаваць месца для такога сходу, апавясціць зацікаўленыя бакі ў СМІ, а не разважаць на тэму можна ці не можна, або мэтазгодна ці не».

Салаш кажа, што з нецярпеннем чакае суда, паколькі і ён і суддзі вучыліся ў адных і тых самых універсітэтах і вывучалі адно і тое ж права.

Алесь Завіноўскі