У міліцыі Крысціне прадаставілі відэазапісы з акцый салідарнасці ў Лідзе на якіх яе добра відаць. Дзяўчына не стала аднеквацца, паколькі насамрэч брала ў іх удзел і патлумачыла чаму.
«Мяне абурыў той тэрор, які адбываўся з 9 па 12, калі збівалі нявінных грамадзян і што з імі тварылі ў аўтазаках і турмах. Акрамя ўсяго, я лічу, што выбары былі сфальсіфікаваныя», - сказала Крысціна.
Напачатку міліцыянер, які складаў на яе пратаколы, напісаў іх два, але пазней, відаць, атрымаў загад і ў выніку атрымалася аж восем.
Паводле ўсіх пратаколаў, Крысціну вінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваных мерапрыемствах. У судзе яна свайго ўдзелу не адмаўляла, яе аштрафавалі на 30 базавых велічынь.
Праўда, сама лічыць, што у краіне працягваецца прававы дэфолт, паколькі падзаконныя акты так складзены, што яны супярэчаць Канстытуцыі, паводле якой, яна мае права на мірныя пратэсты і ім скарысталася.
Алесь Завіноўскі