У Ленінскім судзе Мінска адбыўся суд над вядомай баскетбалісткай Аленай Леўчанкай, якую затрымалі сёння раніцай у аэрапорце. За ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах спартсменцы далі 15 сутак арышту.
Віну ўсталёўвалі па фатаграфіі ў Instagram і навінах на сайце «Прессбола». У зале суда было больш за 25 чалавек, якія падтрымліваюць Алену, у асноўным спартсмены, паведамляе tut.by.
Суд палічыў, што Леўчанка двойчы прымала ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Паводле суддзі, першы раз 23 жніўня спартсменка на праспекце Незалежнасці прыняла «актыўны ўдзел у несанкцыянаваным вулічным шэсці», Алена «публічна выказвала патрабаванні правядзення сумленных выбараў».
Другі раз – 27 верасня на Машэрава, дзе прыняла «ўдзел у несанкцыянаваным вулічным шэсці без адпаведнага дазволу Мінгарвыканкама ў мэтах публічнага выказвання свайго патрабавання правядзення сумленных выбараў у Рэспубліцы Беларусь». У гэты шэсці Алена, паводле пратаколу, ішла па праезнай часткі, трымаючы ў руках плакат «Народ – чэмпіён».
Алена Леўчанка была затрыманая толькі сёння раніцай – у аэрапорце «Мінск» перад вылетам на планавае лячэнне і рэабілітацыю. Яе адразу адвезлі ў ЦІП на Акрэсціна.
Нагадаем, раней Алена актыўна выказвалася супраць гвалту ў краіне і за правядзенне паўторных выбараў, яна таксама ўваходзіла ў Свабоднае аб'яднанне спартсменаў Беларусі і падпісала адкрыты ліст да ўлады і сілавікоў.
Алена Леўчанка – адна з самых вядомых беларускіх баскетбалістак. Яна чэмпіёнка Літвы, двухразовая чэмпіёнка Расіі і двухразовы ўладальнік Кубка Расіі, трохразовы бронзавы прызёр Еўралігі і бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы.
Яна выступала за зборную з 2001 года, двойчы гуляючы ў складзе нацыянальнай каманды на Алімпійскіх гульнях. У 2010 годзе згуляла ў фінале жаночай НБА і была прызнана лепшай цэнтравой чэмпіянату свету.
ав