Найбуйнейшы беларускі партал tut.by, які з 1 кастрычніка па рашэнні Міністэрства інфармацыі на тры месяцы пазбаўляецца статусу сеткавага выдання, не будзе рызыкаваць сваімі журналістамі і накіроўваць іх на акцыі пратэсту. Пра гэта заявіла 30 верасня на прэс-канферэнцыі ў Мінску галоўны рэдактар tut.by Марына Золатава.
«Я магу сказаць, што рашэнне Міністэрства інфармацыі аб прыпыненні выпуску сеткавага выдання tut.by – гэта, напэўна, лагічнае (калі тут можна выкарыстоўваць гэтае слова) працяг той тактыкі ўладаў, якую яны абралі ў дачыненні да незалежных СМІ, – адзначыла Золатава. – Гэта татальная зачыстка інфармацыйнага поля. Толькі ў дачыненні да tut.by яны выбралі не фармат абмежавання доступу да рэсурсу (хоць прыпыненне не значыць, што блакавання не будзе), а фармат абмежавання доступу журналістаў да месцаў, адкуль яны могуць перадаваць інфармацыю. Гэта тое ж самае, што здарылася з журналістамі, якія працуюць на замежныя медыі, якіх пазбавілі акрэдытацыі».
Паводле яе слоў, у канцы 2018 года рэдакцыя tut.by вырашыла, што праходжанне працэдуры рэгістрацыі і атрыманне статусу СМІ «дае больш, чым пазбаўляе», нягледзячы на тое што адказнасць узрастае.
«Мы выбіралі легальны статус, паколькі гэта азначала, што мы зможам нармальна працаваць на акцыях пратэсту, – сказала галоўны рэдактар tut.by. – Натуральна, мы меркавалі, што статус СМІ дасць нам большы доступ у тыя дзяржорганы, куды раней, можа быць, сумняваліся, пускаць нас ці не. Tut.by з'явіўся ў кастрычніку 2000 года, больш за 18 гадоў мы працавалі, не маючы статусу СМІ, і, па сутнасці, гэта не моцна нам перашкаджала працаваць. Калі абстрагавацца ад умоў, у якіх працавалі журналісты ў нашай краіне ўвесь гэты час, то наш статус мала чым адрозніваўся ад статусу афіцыйна зарэгістраваных недзяржаўных СМІ».
«Але мы разумелі, што ў гэтым годзе падчас гэтай выбарчай кампаніі і пасля яе вельмі вялікае значэнне мае тое, у якіх умовах ты працуеш на акцыях пратэсту. Гэта значыць самая вялікая пагроза – гэта тое, што нашы журналісты цяпер не змогуць выходзіць у поле і спакойна працаваць на акцыях пратэсту. Яны могуць успрымацца людзьмі ў аліўкавай форме і балаклавах як удзельнікі акцый пратэсту, адпаведна – суды, суткі і так далей. Мы не будзем рызыкаваць у гэтай сітуацыі і адпраўляць журналістаў у поле без якога-небудзь статусу. Уласна, на гэта і было разлічана гэта пазбаўленне», – дадала Золатава.
Пры гэтым галоўрэд tut.by падкрэсліла, што з пачатку верасня «нават журналістаў з афіцыйным статусам затрымлівалі дастаткова рэгулярна».
29 верасня на сайце Мінінфарма зʼявілася паведамленне аб прыпыненні выпуску сеткавага выдання tut.by з 1 кастрычніка да 30 снежня на падставе падпісанага ў гэты ж дзень загаду. У міністэрстве адзначылі, што з 7 жніўня па 15 верасня ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫА» было вынесена чатыры пісьмовых папярэджанні «ў сувязі з парушэннем пры выпуску сеткавага выдання tut.by арт. 4 і 49 закона аб СМІ».
naviny.by/ав