Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Ваўкавыскага святара асудзілі за ўшанаванне памяці загінулага дырэктара музею

30.09.2020 17:34
Праваслаўнаму святару з Ваўкавыска Аляксандру Богдану суд вынес папярэджанне за ўдзел у масавым мерапрыемстве.
Ілюстрацыйны здымакsucco/pixabay.com/CC0

Айцец Аляксандр Богдан разам з іншымі людзьмі ўсклаў кветкі да імправізаванага мемарыяла побач з музеем Баграціёна, дзе працаваў дырэктарам Канстанцін Шышмакоў, якога пасля выбараў знайшлі павешаным у лесе. Яго бацька расказаў, што ён быў членам выбарчай камісіі і адмовіўся падпісваць выніковы пратакол.

Пасля ўскладання кветак святар разам з іншымі накіраваўся дадому. Ішоў у калоне, дзе некаторыя людзі трымалі бел-чырвона-белыя сцягі. За гэта на яго і склалі пратакол, у якім гаварылася, што ён ішоў і выкрыкваў лозунгі. Суддзя вынес святару папярэджанне.

Прэс-сакратар Гродзенскай епархіі, айцец Дзмітрый Паўлюкевіч быў здзіўлены тым, што маглі судзіць і такога чалавека, які кожнаму ў цяжкую хвіліну працягвае руку:

-Ён бачыць у гэтым карысць, ён ідзе да людзей, бо бачыць магчымасць змяніць іх, дапамагчы, папярэдзіць ад нечага нядобрага ў жыцці.

Пасля суда айцец Аляксандр сказаў, што не мае крыўды на міліцыянераў і надалей будзе прапаведаць сярод іх вучэнне Хрыста.

Алесь ЗАВІНОЎСКІ