Айцец Аляксандр Богдан разам з іншымі людзьмі ўсклаў кветкі да імправізаванага мемарыяла побач з музеем Баграціёна, дзе працаваў дырэктарам Канстанцін Шышмакоў, якога пасля выбараў знайшлі павешаным у лесе. Яго бацька расказаў, што ён быў членам выбарчай камісіі і адмовіўся падпісваць выніковы пратакол.
Пасля ўскладання кветак святар разам з іншымі накіраваўся дадому. Ішоў у калоне, дзе некаторыя людзі трымалі бел-чырвона-белыя сцягі. За гэта на яго і склалі пратакол, у якім гаварылася, што ён ішоў і выкрыкваў лозунгі. Суддзя вынес святару папярэджанне.
Прэс-сакратар Гродзенскай епархіі, айцец Дзмітрый Паўлюкевіч быў здзіўлены тым, што маглі судзіць і такога чалавека, які кожнаму ў цяжкую хвіліну працягвае руку:
-Ён бачыць у гэтым карысць, ён ідзе да людзей, бо бачыць магчымасць змяніць іх, дапамагчы, папярэдзіць ад нечага нядобрага ў жыцці.
Пасля суда айцец Аляксандр сказаў, што не мае крыўды на міліцыянераў і надалей будзе прапаведаць сярод іх вучэнне Хрыста.
Алесь ЗАВІНОЎСКІ