Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Мінскае кафэ, дзе рабілі бел-чырвона-белую шаўрму, закрыла санстанцыя

06.10.2020 17:41
Дакумент аб прыпыненні працы «Экспрэс-шаўрмы» падпісала галоўны санітарны лекар Мінска Святлана Ярмак.
--
Бел-чырвона-белая шаўрмафота: «Наша Ніва»

Санстанцыя прыпыніла працу «Экспрэс-шаўрмы» ў Мінску на вуліцы Ленінградскай, 2, паведамляе «Еўрарадыё» са спасылкай на «Нашу Ніву».

Гэтае кафэ здабыло сёлета папулярнасць тым, што стала рабіць бел-чырвона-белую шаўрму. Чарга па такую страву часам стаяла па гадзіне.

Таксама ў кафэ давалі зніжку ў 20% тым, хто прыходзіў з белай стужачкай і па промакодзе «бчб». Такім людзям налівалі бясплатна гарбату і каву.

Паведамляецца, што «Экспрэс-шаўрма» дапамагала валанцёрам Акрэсціна, прывозіла ежу на плошчу Перамен (вуліца Чарвякова), а падчас каранавіруса пэўны час бясплатна карміла медыкаў.

Уласніца кропкі Настасся Тэйранава кажа, што іх актыўнасць заўважылі ўлады. Апошні тыдзень да іх зачасцілі праверкі. Яна кажа, што з уласных крыніцаў даведалася: улады загадалі не даваць ім працаваць. На тэрміновае выпраўленне ўсіх дачэпак работнікам не хапае ні грошай, ні сілаў. Гаспадары кавярні не выключаюць, што ім можа спатрэбіцца дапамога людзей.

Дакумент аб прыпыненні працы «Экспрэс-шаўрмы» падпісала галоўны санітарны лекар Мінска Святлана Ярмак.

вс