Міністэрства замежных спраў Літвы 27 кастрычніка накіравала ў МЗС Беларусі ноту пратэсту ў сувязі з рашэннем аб «безадказным і паспешным» запуску Беларускай АЭС, якая «ўяўляе пагрозу для бяспекі грамадзян Літвы, Беларусі і Еўрасаюза», паведамляе прэс-служба літоўскага знешнепалітычнага ведамства.
У ноце рашуча асуджаецца рашэнне ўладаў Беларусі «ініцыяваць ядзерную рэакцыю на небяспечнай электрастанцыі, паклаўшы пачатак вытворчасці электраэнергіі, ігнаруючы патрабаванні бяспекі Літвы і Еўрапейскага саюза«. Таксама ў ноце падкрэсліваецца, што «бяспека ядзерных аб'ектаў мае першароднае значэнне ў адносінах ЕЗ з Беларуссю».
«На ўзроўні Савета Еўропы, Еўрапарламента і Савета па замежных справах Еўрасаюз адзіным голасам заклікае Беларусь неадкладна ўкараніць самыя высокія стандарты бяспекі, экалагічныя патрабаванні і [рэкамендацыі па выніках] стрэс-тэстаў ЕЗ», – заявіў міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус.
Паведамляецца, што МЗС Літвы разам з іншымі літоўскімі дзяржаўнымі органамі «працягне працаваць у рамках ЕЗ і міжнародных фарматаў над пошукам рашэння па зніжэнні пагроз, якія ствараюцца небяспечнай АЭС у Беларусі».
26 кастрычніка дзяржаўнае вытворчае абʼяднанне «Белэнерга» паведаміла літоўскага аператара сістэмы перадачы электраэнергіі Litgrid, што выпрацоўка электрычнай энергіі на БелАЭС пачнецца з 1 па 10 лістапада.
ав