Былы старшыня КДБ Валеры Вакульчык і былы намеснік міністра ўнутраных спраў Аляксандр Барсукоў звольненыя ў запас. Такія ўказы Аляксандра Лукашэнкі з'явіліся на Нацыянальным прававым партале, піша БелаПАН.
А яшчэ два месяцы таму, 3 верасня, Лукашэнка прызначыў Вакульчыка старшынёй Савету Бяспекі. Да гэтага ён 8 гадоў быў старшынём КДБ.
29 кастрычніка Вакульчык атрымаў пасаду памочніка Лукашэнкі па Берасцейскай вобласці. А Барсукоў – памочнікам па Менску.
Адстаўка гэтых двух асобаў, можа быць звязана з гневам Лукашэнкі за тое што пратэсты не ўдаецца задушыць, недастатковую лаяльнасць і недастатковую рэакцыю на пратэсты, якія пагражаюць уладзе, – кажа палітолаг Аляксандр Папко.
- Гэтыя людзі, якія займалі ключавыя пасты ў сілавой структуры Беларусі, на мой погляд, спачатку страцілі давер Лукашэнкі з-за таго, што не адрэагавалі так, як ён лічыў патрэбным на масавыя пратэсты. КДБ увогуле маўчала падчас трохмесячных пратэстаў у Беларусі. І дзякуй Богу, мы не бачылі новых інсцэніровак з крысамі ў вядры, ці прарывам шматлікіх партызанаў-тэрарыстаў з украінскай мяжы, усялякіх інсцэніровак, у якіх КДБ раней прымала ўдзел.
Лукашэнка пазбавіў Вакульчыка і Барсукова не толькі пасады, але і мундзіраў.
яс