Каталіцкага святара Вячаслава Барка з Расонаў выклікалі ў мясцовую міліцыю – «у якасці асобы, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс». Па якім артыкуле заведзеная справа, у позве не паведамлялася. 1 снежня ў міліцыі святар даведаўся, што яго абвінавачваюць у прапагандзе нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі, – распавёў ксёндз Вячаслаў Барок.
- Старэйшы оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку Гаўрылаў, кіруючыся, як ён сам сказаў, асабістым меркаваннем, 25 лістапада заўважыў у маіх сацыяльных сетках пост, размешчаны ў жніўні. Ён лічыць, што я размясціў свастыку – нацысцкі сімвал. Я патлумачыў, што я размясціў мастацкі твор славутага мастака Уладзіміра Цэслера «Стоп лукашызм», а не нямецкую свастыку. Я супраць фашызму, камунізму, любога таталітарнага рэжыму. Гэты плакат я размясціў, паказваючы свой пратэст супраць гвалту ў краіне.
Святар лічыць, што адміністрацыйны працэс у дачыненні да яго палітызаваны.
Вячаслаў Барок атрымаў у міліцыі позву ў суд – на 16 гадзін 1 снежня. 1 снежня ў 16 гадзін суд пачаў разглядаць адміністрацыйную справу, але суддзя абвясціў перапынак да 3 снежня.
Ксёндз вядзе свой канал на YouTube. Ён разважае ў казаннях між іншым і пра палітыку.
tut.by/YouTube/нг