У МУС пракаментавалі відэа з кадрамі жорсткага абыходжання з затрыманымі ў Фрунзенскім РУУС.
«Па гэтым пытанні, што быў відэазапіс, дзе супрацоўнікі міліцыі Фрунзенскага РУУС абыходзяцца з затрыманымі не вельмі добра, праводзіцца праверка. Міністрам задача пастаўленая. Па выніках праверкі будуць зробленыя пэўныя высновы», – сказаў Tut.by першы намеснік міністра ўнутраных спраў Юры Назарэнка падчас прамой тэлефоннай лініі.
Ініцыятыва BYPOL апублікавала на YouTube відэа з кадрамі таго, што адбываецца ў Фрунзенскім РУУС Мінска 12 жніўня.
У памяшканні, падобным на спартзалу, знаходзіцца шмат людзей, некаторыя ляжаць на падлозе, нехта сядзіць на каленях або стаіць уздоўж сцяны, з рукамі за спіной. Падчас допыту аднаго з іх б'юць пад дых і па нырках пасля таго, як ён марудзіць з адказам. На заднім плане таксама відаць, як чалавека, які ляжыць на падлозе бʼюць дубінкай.
Калі відэа зʼявілася ў публічнай прасторы, некалькі чалавек пазналі на ім сябе. Яны пацвярджаюць, што паказанае ў ім – праўда.
яс